ПРЫРУЧАНЫ
па берлінах прагах і венах
на мяне забыўшыся быццам
ты вандруеш бы кроў па венах
я збалелага сэрца хачу пазбыцца
не ў берлінах прагах і венах
вакол пальца абводжу стужкі
сцяжын і вяртаецца верны
як прыручаныя вяртаюцца птушкі
ты дазволь маім новым імёнам
пераблытаць дні назвы і даты
калі ты некім быў прыснёны
ці ёсць розніца – стаць акрыленым ці крылатым
чым адным заставацца ў выраі
адчуваючы сверб за спінай
анёлы вандруюць шляхамі выверанымі
і толькі мы –
з крыламі вывернутымі –
аўтаспынам
* * *
я там дзе мары ператвараюцца ў прысак
рукамі вуголле гарачае разграбаю
прыгадваю твару твайго бездакорныя рысы
і думаю што нездарма за цябе паміраюць
усе мае вечныя жыцці – валошкі ў жыце
усе мае дзеці – адлюстраванні ў вадзе
адбіткамі ног на дарогах кроўнага краю
усё паспее памерці за крок да раю
цалую цябе і рана сівеюць скроні
ратую цябе каб не быў ты ў сумленне закуты
зацягнуцца рваныя раны вандроўнік мой родны
душа як будзе балець – прыкладзі трыпутнік
* * *
Я гукаю, бо ведаю – дагукаюся.
Толькі крык у горле захрас.
Я шапчу: дарагі, па дарозе тугі
Мы ідзем. Адказвае джаз.
Мойры мудрыя шлях нам выткалі,
Лёгка зыркія знічкі лаўлю.
Ды напятыя нервы – ніткамі.
Паркі ўпартыя. Плача блюз.
* * *
я адчуваю сябе нераскрытай кветкай
мой час яшчэ не настаў
я часта плачу разам з дажджом
ды ўсміхаюся рэдка
ты клетку з маёю душой-канарэйкай
да сонца пастаў
калі на мяне – анёла твайго –
апусціцца стома
наш свет напалову падзеліць
вялізным крылом
парэжа, параніць, парушыць,
пакрышыць прастору
вер – тое што будзе мы перажывем як было
* * *
між блізкіх па духу ці блізкіх па крыві
каго абіраеш? адбітак у люстры крывым
ў далоні пяшчотна душу маю вазьмі
як свечка, яна аплывае, сыходзіць слязьмі
калі паляцяць матылі на яе святло
туга наша запалымнее, стане тлом
* * *
б’ецца сэрца ў такт крокам ката
ты – выразная арытмія
са скамечанага плаката
на цябе пазіраюць тыя
што хацелі схапіць камету
і яе зыркі шлях парушыць
ды не зменшылі межы свету
апякліся на справе рукі
ты разменьваеш май на дробязь
дождж ствараеш з манетаў-кропляў
бо табе нічога не зробяць
хай цікуюць за кожным крокам
між залеваў са згадак ды чутак
нездарма праліліся ў хаос
прасачыліся ў мора гукаў
дзве слязінкі твае не ўсур’ёз
* * *
Неверагодна цябе не стае.
Не ўспамінай, што было.
Не дакранайся, бо можаш параніцца.
Лёд недаверу ў душы растае,
Досыць нам словаў вострых, як шкло.
Проста скажы: Добрай раніцы!
* * *
Мы не зламаемся – мы не марыянеткі.
Я, удыхаючы чэрвеньскі вечар празрысты,
З берага кідаю мараў нязбытных манеткі,
З дрогкай пяшчотай малюю твае абрысы.
З намі гаворыць ракі люстраная паверхня.
Верны мой, горды і годны, ты проста павер мне.
Варта прачнуцца,
Боль болей не зможа вярнуцца.
* * *
мы шукалі. нам прага свабоды
замяніла яе саму
бо яна не шкадуе ілбоў ды
пакланяецца суму свайму
вучыць нас не здзіўляцца паразе
замыкае паветра на ключ
дасць глытнуць з поўнай флягі па разе
а затым заціскае пятлю
* * *
абдымаю цябе,
каб ад горкай жуды захінуць
гэта гора калі пакідаеш мяне адну
гэта сонца скрозь хмары
або гэта слёзы скрозь смех
з болем бой і з самой сабой застаецца мне
пацалункамі выкажу тое, што хочаш пачуць
мы ўратуемся. я абдымаю цябе і маўчу
СПОВЕДЗЬ БЕРАЖНІЦЫ
сустракаю дваццаць пяць вёснаў
у вірах бурлівай ракі
колькі човен мой не далічыўся
зламаных вёслаў?
я тваіх краналася вуснаў
то маўклівых то гаваркіх
ты датклівы такі
трапяткі і ўзнёслы
ды нялёгка быць птахам
бо патрапіць проста ў сіло
цяжка ў вырай вярнуцца
будзе сэрца спалохана тахкаць
ў час калі богі прагнуць красы
беражніцаў чуваць галасы
я адрошчваю валасы
валасоў залатыя ніткі
валасоў залатыя лёскі
я сатку з іх нашыя лёсы