_____________________ Стадыён.
Апавяданьне |
Пад сінім небам радзімы гучаў дзяржаўны гімн .
Стадыён стаяў столькі , колькі стаяла дзяржава . А можа , і нашмат болей . Проста ніхто дакладна ня памятаў . Аб часе яго збудаваньня нават не захавалася ніякай дакументацыі . Урэшце , гэтая акалічнасьць мала каго й цікавіла .
Стары стадыён жыў . Штодзённа , напружана , функцыянальна . З раніцы і амаль да зьмярканьня ён быў вялізнай гандлёвай пляцоўкай . Па ўсім перыметры стадыёну стаялі гандлёвыя шапікі , намёты , раскладныя сталы . Натоўп віраваў . Людзі хадзілі , прыцэньваліся , спрачаліся . Куплялі або проста разглядвалі ці абмац валі тавар . Пілі піва ці елі марозіва , несьлі пакупкі дахаты . Надвячоркам усё замірала . Але толькі на час . На гадзіну -другую , што дазваляла дворнікам зьмесьці дзённае гандлёвае сьмецьце , навесьці звыклы парадак на падыходах да трыбунаў .
А потым усё ўзрывалася . Бязьлітасныя пражэктары ў тысячы мегаватаў асьвятлялі зялёнае поле . Пад яркімі электрычнымі промнямі была бачная кожная травінка і нават жылкі на ёй . Трыбуны гулі перагрэтымі трансфарматарамі . Яны былі поўныя . Яшчэ не было такога дня , каб недзе заставалася вольнае месца . Калі ж такое нечакана здаралася , асабліва бліжэй да поля , за права валодаць ім усчыналася жорсткая бойка . Тады безразборліва й цьвёрда ў ход ужо ішлі дручкі паліцыянтаў . Паміж трыбунамі й полем яны заўсёды стаялі ў некалькі шчыльных , непрабівальных шэрагаў .
На шчасьце , усё дзейства было бачна як на далоні . Да таго ж , некалькі неабсяжных , велічынёй у палову неба , табло дапамагалі ў тым . Людзей заўсёды цікавілі падрабязнасьці й дэталі . Бяз іх яны не маглі жыць .
Людскі роў заглушаў усё . У ім патаналі непахісныя , узьнёслыя словы вядучага -каментатара . Раствараліся гукі строгіх урачыстых маршаў , губляліся лірычныя паўзы паміж імі . Разьбіваўся ўзарваным і безвыходным , іншым разам магло паказацца , проста іранічна -зьдзеклівым енкам яшчэ нечы няўцешны крык ...
А потым людзі зыходзілі . Невялічкімі натоўпамі і па адным . З бачнай шкадобаю й пачуцьцём добра выкананае справы пакідалі стадыённую агароджу . Многія жанчыны ціха , каб толькі ня ўголас , плакалі . Хтосьці сьмяяўся , распавядаў падрабязнасьці . Але часьцей моўчкі . Моўчкі некага ванітавала ў траву . Якая цяпер , пад звычайнымі ліхтарамі , здавалася не такой зялёнай і яркай , як паўгадзіны таму на стадыёне .
* * *
– Як стадыён ?.. – строгім і стомленым вокам зьмерыў ён справаздатчыка .
– Пакуль стабільна . Сто тысячаў даляраў практычна штодзённага прыбытку ў казну . Гэта без уліку той арэнднай платы , што за гандлярамі . Але ёсьць акалічнасьць . Стадыён даўно ў аварыйным стане . Патрабуе капітальнага ...
– Зробім ! Дам распараджэньне , – нецярпліва пляснуў далоньню па сталу . – Білеты па -ранейшаму па два даляры ?
– Так .
– І ўсё ж на некаторыя праекты ... – задумліва пагрукаў алоўкам па стосіку шэрых тэчак перад сабой . – Падвышаць ня думалі ?
– Дазвольце маё меркаваньне ? Людзям трэба стабільнасьць . Яны да яе прывыклі . Так , падвысіць можна . Але заўсёды знойдуцца незадаволеныя . Незадаволеныя і вы – гэта , як самі разумееце , нонсенс . Хопіць з нас з таго , што на стале ў міністра замежных справаў – зноў з раніцы чатыры пратэсты . І зноў – тое ж самае ...
– Плюнь . Што ж , калі не стаміўся ... Можаш быць вольны .
– Я дык не стаміўся . Стаміўся чалавек ...
Ён ускінуў свае строгія , шырокія бровы .
– Ад чаго ён стаміўся ? Здаецца , не даем перапрацавацца .
– Не ад гэтага . Але кажа , што болей ня можа .
– Дык зрабіце , каб мог ! Знайдзіце яму жанчыну , сто восем жанчын !.. Кватэру яму памяняйце на ўласную выспу ў Гвадэлупе ! Грошай просіць ? Дык дайце …
– Прапаноўвалі й спрабавалі . Нічога ня хоча . Хоча сысьці .
– Знайдзіце іншага ! А гэтага – самі ведаеце ...
– Спрабавалі таксама . Але ...
– Што ?
– Ніхто ня хоча .
– Чаму ?
– Думаю , элементарна баяцца .
– Што , ва ўсёй краіне няма ніводнага чалавека ?!
– ...
– Знаеш што ? Калі ты гэтаму стомленаму ўсё ж сьвежага паветра ў зад ня ўдзьмеш , ты ў мяне свой ад уласнага твару адрозьніваць перастанеш ! Або шукай іншага . Або самога цябе на пасаду аформім . Ганаровую !.. Усё , свабодны !
* * *
Судьдзя выцер чыстай насоўкай пот з ілба і нават незаўважна страсянуў кропельку з носа . Чарговы вырак быў вынесены . Вырак , які , па ўсім было бачна , быў адобраны прысутнымі аднагалосна .
Не сказаць , каб ён быў задаволены . Штосьці яго насьцярожвала . І ўжо ня раз . Па -першае , ніхто з іх не прызнаў сябе вінаватым . Па -другое , пад надта сур ’ёзны артыкул яны падпадалі , пад надта сур ’ёзны ... Ды так часта . Па -трэцяе ... Па -трэцяе , урэшце , усё астатняе – матэрыялы сьледства , паказаньні сьведкаў у судзе , прамова дзяржаўнага абвінаваўцы і нават няўцямныя рэплікі адвакатаў – усё гаварыла , што чалавек вінаваты . А значыць ...
А значыць , ён зноў сёньня ці заўтра будзе чэрпаць маленькай срэбнай лыжачкай чорную ікру з пупка белакудрай дзівы , зьлізваючы апошнія ікрынкі язычком на пару з гэткай жа бялявай лярвоткаю .
* * *
А потым усё зьмянілася . Нечакана хутка і радыкальна . Прыйшлі іншыя людзі й парадкі . І над краінай – залунаў іншы дзяржаўны гімн .
Толькі над старым стадыёнам – па вечарах па -ранейшаму білі яркім і несканчальным электрычным сьвятлом пражэктары .
Білі да той пары , пакуль раптам кудысьці ня зьнік чалавек , які стаміўся нашмат раней да часу тых пераменаў .
* * *
– Дакладвайце .
– Пакуль нідзе ня можам знайсьці . Нібы вада скрозь сіта ...
– Ці трэба , аднак ? Гэты стадыён ... У наш час ! Калі ўсё так уладна і трапна !.. Ганьба нацыі !
– Так ...
– Дык зрабіце што -небудзь !
– Так , ганьба . Толькі вы самі скажыце . Мы спрабавалі . І што ? “Будзе стадыён – пойдзем ! І за вамі , і за пераўтварэньнямі вашымі . А ня будзе ...” Ды вы самі паслухайце .
Гардзіны крыху адхінуліся . У кабінет нібы ўварваўся гарачы , рухомы шар , сплецены з рыку , шалу , патрабаваньняў . Здаецца , шар дыхаў подыхам тысячагоддзяў .
– Да таго ж , людзі хочуць элементарнага : есьці , цяпла , мыцца ў вань не ...
– Усё дадзім , усё зробім . Але гэта – трэба прыбраць !
– Без сумневу . Але стадыён ... Яны не здадуць . Дый судовыя механізмы ... Усё бяз збояў . Ужо дзесяцігоддзі ...
– Божа . Ужо дзесяцігоддзі а то й стагоддзі гэты народ ня ведае чаго хоча !
– Ведае . Таму й стаіць . За свой стадыён . За сваю свабоду . – Падначалены ўсьміхнуўся . – А замахвацца на свабоду народу – дабром ня скончыцца .
– Але гэта ненармальна !
– Ненармальна . Толькі вы самі чулі ... – кіўнуў ён у бок вакна . – Як варыянт , можна было знайсьці іншага . Нават з нашых ... Так нават прасьцей . Бо з гэтых ... – зноў ківок у бок вакна . – Ніхто ня хоча . Толькі гэта , можа , і не варыянт . Уцягваць іншых людзей , пускаць нежаданыя пагалоскі ... Ці трэба ? Чужародны элемент у адладжаным механізьме – самі ведаеце ...
– Ідзіце . Я падумаю над гэтым .
Наступным ранкам было аддадзенае распараджэньне знайсьці стомленага чалавека , дзе б той ня быў . І ня толькі знайсьці , а прымусіць да працы , як бы ні адпіраўся .
* * *
Ён стаяў пасярод стадыёну . Стаяў , апусьціўшы голаў , неадрыўна гледзячы ў траву , дзе , здавалася ...
Ён спрабаваў адагнаць тыя думкі , аднак важкі пісталет у руцэ ўпарта нагадваў аб ягонай шматгадовай справе . Справе , якую ніхто ня бачыў , і якая ўрэшце мела зыход на вачах шматтысячнага натоўпу .
Ён спрабаваў адмовіцца , уцячы , ніколі таго не рабіць . Толькі яму не давалі . Знаходзілі , вялі гутаркі . Душэўныя і ня вельмі . Забясьпечвалі да дзясятага пакаленьня . Іншым разам – проста білі . Жорстка , бязьлітасна . Адліваючы вадою і зноў апрацоўваючы пад арэх .
І ён зноў выходзіў на працу . Амаль штодзённа , выконваючы сваю місію (ха , місію !..) трапна , дакладна , як мае быць . Ён быў прафесіяналам . Адзіным .
Так , ён ведаў : яго шукалі й цяпер . Паўсюль , дзе маглі , але толькі ня тут . Ня тут , дзе знаходзілі апошні кавалачак сіняга неба над галавою тыя ... Тыя , каго ён ніколі ня бачыў у твар , хоць ведаў : зусім не яны павінны былі стаяць у такія хвіліны сярод стадыёну , а ... а ...
Стрэл прагучаў , як пішуць у танных раманах , суха й нечакана . Перад тым , як апусьціцца на роўнае , акуратнае падстрыжанае пакрыцьцё стадыённага поля , ён крыху зьдзіўлена ўскінуў вока на мачту з пражэктарамі – нібы хтосьці страляў адтуль . Толькі страляў ён сам . Кантрольнага стрэлу не спатрэбілася – паколькі на працягу столькіх гадоў ён усё ж быў прафесіяналам .
Адзіным прафесіяналам , які ўрэшце стаміўся .
Ягоны твар навечна зьліўся з зямлёй . Кроплі крыві пырснулі на траву , якая надта добра ведала гэты смак . І – гэты стрэл аказаўся фатальным ня толькі для яго . Стадыён , стары стадыён , час збудаваньня якога ніхто дакладна ня памятаў , і пра што нават не захавалася ніякай дакументацыі , раптам нібы цяжка ўздыхнуў , потым задрыжаў , пахіснуўся ўсімі сваімі трыбунамі , пражэктарамі , збудаваньнямі . І лёг , апусьціўся , рассыпаўся – каляровым і брудным тынкам , вечнымі кавалкамі , цяжкім і пыльным друзам .
Наступнымі днямі шалёны натоўп , які разам са старым стадыёнам нібы страціў самае інтымнае і дарагое , зьмёў прэч і назаўжды рэжым , які нават прэтэндаваў называцца рэжымам пераўтварэньняў .
* * *
Першым падпісаным дакументам новае ўлады было распараджэньне аб аднаўленьні стадыённае чашы . Група добраахвотнікаў запусьціла ў паветра тысячы рознакаляровых балонікаў . Чуліся радасныя , усхваляваныя крыкі . Мужчыны чокаліся бутэлькамі з півам , жанчыны плакалі й усьміхаліся .
Пад сінім небам радзімы гучаў чарговы дзяржаўны гімн .
31 ліпеня, 2009 г.
м. Кобрынь.
|