* * *
І ўсё зусім ня так дрэнна
як ёсьць верасьнёўскае сонца
на лёс наракаць дарэмна
хоць скардзіцца можна бясконца.
Але не даю парадаў –
усе крочаць сваімі шляхамі.
Я проста іду і рады,
што ёсьць зямля пад нагамі.
* * *
Два дні да Пакрова. Ці сьнегам, ці лісьцем?
Дарога наперад ня робіцца выйсьцем.
А горад страйкуе у ранішніх корках –
нявелічны Рым на нязначных пагорках.
Два дні да Пакрова. А там – і Каляды.
І жоўты пясочак, і чорныя ляды*.
І скончыцца тыдзень звычайным выходным.
З настроем няўтульным, з надвор’ем халодным.
* * *
Ня ў стане часам перажыць эпоху
мы ёй даем прытулак у сабе.
Спачатку самі ёй становімся патроху,
пасьля – эпоха ў нашых лёсах паўстае.
Ня ў стане часам перажыць каханьне
пакуты мы працягваем свае.
І, выгараючы у іх дазваньня,
ўжо любім пачуцьцё, а не Яе.
Ня ў стане часам быць на белым сьвеце
мы робімся бяжважкімі як пух.
І да анёлаў, якіх бачаць дзеці,
з палёгкай адлятае дух.
* * *
сп. У. Някляеву
Еду дахаты,
тлумны тралейбус,
вуліцы, плошчы.
Кніжка пад пахай
фармат не кішэнны –
“Прошча”.
Мне не глядзяць,
я не гляджу
вочы у вочы,
што і ўзгадаю,
дык не скажу
супраць ночы.
Горад ў вакне
нібы ў сьне,
ці пад наркозам,
то паляжыць,
то прабяжыць
куртай за возам.
Горад-сабака,
горад-герой,
што табе сьніцца?
У цемры тваёй
мне не хапае
ўсё ж таямніцы…
З працы да хаты
20 хвілін
хутка выходзіць.
Горад,
а можа па 50?
Нам не зашкодзіць.
Ды, не за што,
проста ўдвох –
к чорту нагоду.
Проста за сьвет,
за лістапад
гэтага году.
* * *
Ты ведаеш, я дзіўлюся
І сам зьдзіўляю сябе –
усё нібы ёсьць у маёй Беларусі
і белая лебедзь і шэрыя гусі,
а нечага ўсё ж нестае.
У нас ёсьць і ўлада і межы
і лепшыя ў сяўбе.
І зубры спакойна жывуць ў Белавежы,
і клоуны скачуць сабе на манежы,
а сілаў сьмяяцца чамусь не стае.
Да цэркваў адкрыта дарога
набі хоць гузак на ілбе
і з тым гузаком накіруйся да Бога,
але разумееш, як ступіш з парога,
што дурні ня тое, чаго не стае.
Гавораць пра мірнае неба
а я і ня быў на вайне!
А мне б ад задухі праветрыцца трэба,
каб пораху пах і звычайнага хлеба
па вельмі высокай цане.
Нас гоняць у шчасьлівае заўтра,
ды ўсё ж не магчыма, не.
Ніколі шчасьлівым ня зробішся гвалтам
як сонца ніколі ня стане квадратам
як прага свабоды не растае...
* * *
Жывеш на белым сьвеце –
Купальле за Раством.
Растуць чужыя дзеці.
сваё далёка недзе
каметаю з хвастом.
І дзень прыходзіць новы,
і мусіш сустракаць,
вітаць чужыя словы,
свае з уласнай мовы
нанова выдумляць.
А у заходзе сонца
не разабраць сьляды.
Жывеш нібы бясконца
і чарку п’еш да донца
па звычцы малады.
* * *
Мой сабака разумее беларускую...
Ён сядае, лапу падае.
З асалодай вантрабянку трускае
і шануе месцы, што свае.
Ад усіх дзбвюхногіх суайчыньнікаў
ён адрозны ужо з той адной прычыны,
што і ў процьме неспрыяльных чыньнікаў
ён адданы сукін сын сваёй Айчыны!
* * *
Я жыву нібы ў стужках Таркоўскага.
Вар’яцею і што тут такоўскага,
што са мной у філіяле дурдома
неспакой і татальная стома?
Што іду парушаючы межы,
той прасторы, якой не належу?
Што зьмяняю сумніўную рацыю
на унутраную эміграцыю?
Што ўвесь скарб мой – памылкі і памяць,
і сумленьне, што больш не запляміць?
Што самотных ужо не хвалюе
На каго адзінота палюе?..
Так жыву нібы Дракула ў Стокера,
нібы джокер у партыі покера,
нібы маты ў песеньках Летава,
Я жывы – мне ўсё фіялетава!!!
* * *
Увесь сьвет за тваімі дзьвярыма:
дарогі да Рыма,
па соль – да Крыма...
Табе ж гэта ўсё хоць бы хны –
ты ў хаце, ты – невыяздны!
* * *
Міхалу Міцкевічу і Алесю Яўдаху
Адмеру веру крокамі самоты
пасьля на мілі вынік раскладу –
я так дайшоў да выспаў Туамоту.
А заўтра да Зеландыі дайду.
Легіянер распушчанага войска
я выканаў адменены загад –
учора скончыў drang nah osten,
а сёньня я вяртаюся назад.
Мой рэгімент бяз трусаў і герояў.
Я сам – і аванпост, і ар’ергард.
Ну, дзе ж Валькірыя, анёл ваярскіх мрояў?
Прыходзь прымаць апошні мой парад!