* * *
Здолела:
дол
услала мелодыяю
завея.
* * *
Спалены –
абмывае
плынь палі:
мост.
* * *
У споведзі дрэвы:
сюдою
ідзе навальніца –
суддзёю.
* * *
Сухмень:
у пяску
купаецца верабейка.
* * *
Можа, адчыніцца?!.
Ў браму
грукаем -
я і гром.
* * *
У снезе яліна:
жанчына
спынілася і глядзіць.
* * *
Доўгая вестка –
вербы
ўслухоўваюцца ў ручай.
* * *
Няўежлівыя?!.
Крыўдліва
чакаюць дзічкі зімы.
* * *
Такая і гэтакі:
талакуе
з маланкай дождж.
* * *
Срэбнае і залатое –
бяроза
латае зрэбнае:
краявід.
* * *
Ветрана:
настаўляе
за рэчкаю рукі
жанчына галасніком.
* * *
Згубіўся гадзіннік:
стаю -
знікаюць
людзі ва ўсе бакі.
* * *
Саломіны ссоўваюцца –
іржышча
уражанае:
само?!.
* * *
З чырвонага золата –
абступае
на рынку гурмою
мароз хурму.
* * *
Але, павальнее!.. –
Лілея
палоніць плынь.
* * *
Ноч.
Адмыкае
маланка імгненні:
ўваходзь!..
* * *
Скошаная –
каштуе
вецер траву.
* * *
На крызе варона:
нешта
не так?!. –
Вакол
круцяцца качкі.
* * *
Наслалася снегу
столькі
і гэтулькі: у слаты
чыстая столка.
* * *
У Вільні туман –
у твары
ўглядаецца даўніна.
* * *
Цяку, дзе хачу!.. –
Залева
натхняе – бурліць
ручай.
* * *
Ростань:
пустыя
куты, а нешта
ўсё роўна забыў.
* * *
Паклалася сцежка
на возеры:
хтось
мае дайсці да сонца?!.
* * *
Свеціцца выйсце:
у неба
ўпадае Рэйн.
* * *
Дзівіся!.. –
Маладзіка
выводзіць вечар
у людзі.
* * *
Штука навукі:
кавун
выстуквае маладзіца.
* * *
Мо правядзеш?!.
Балотам
ходзіць бацян у ботах:
я ў гамашах.
* * *
Чырвоныя птахі –
дахі
ўздымаюць далечыню.
* * *
Дождж набягае -
палае
там лес,
тут гай.
* * *
Кракаюць крачкі:
у рэчку
ўзіраюцца ліхтары.
* * *
Іголкі ў шкарупіне -
з-пад
цікуе каштан:
каштоўны.
* * *
Сама пуцявіна -
чапляецца павуціна:
“Ці ты са мной?!.”
* * *
Слізгае:
ў сцежку
ўвёў неба дождж.
* * *
З’явілася!..-
Разграбае
певень заўзята
леташнюю траву.
* * *
Вясна на дварэ:
узмежкам
абы-куды дыбаюць
бадылі.
* * *
Жывыя!.. –
Пад лёдам
жвавяцца раўчукі.
* * *
Увязненая –
з калдобы
лужа ўслухоўваецца
у гром.
* * *
Плысці
ці расці? –
Затока
блытаецца ў трысці.
* * *
Варушыцца лісце:
здзівам
захоплена кацяня.
* * *
Вяртаюцца -
перадаюць
возера вёслы
лодцы.
* * *
Пабеленыя –
ідуць
яблыні ў неба.
* * *
Клікала?!. –
Раўчукі
збягаюцца ў ручаіну.
* * *
На свята запрошаныя –
уступаю
сцежку трыпутніку
і дзьмухаўцу.
* * *
Рэхкаюць –
дастаюць
жабы з куфэрка
гукі.
* * *
Вырай:
махае
пудзіла рукавом.
* * *
Сочаць карчы:
касачы
заходзяць у глыб
запруды.
* * *
Уджаліла:
ў жалі
пчала
і я.
* * *
Слупам зрабіўся?!.
Жаба
лупаціцца на рыбака.
* * *
Цёмная крыца:
крыніцу
хавае глыб.
* * *
Балота – батут.
Мы тут!.. –
Вітаюцца журавіны.
* * *
Сцежкай на сцежку
легла
яліна нягегла:
зацяжка
увысь ісці?!.
* * *
Дзівіцца дзень:
авадзень
у грудзі цаляе мне -
камікадзе.
* * *
Я ў ім:
пераходзіць
багну са мной напавер
аер.
* * *
Мову займеў!..
Запрудзе
радуецца ручай.
* * *
Вывернутая:
звёў з веры
вецер сасну.
* * *
Хмарыцца -
марыцца
сонечнае рамонку,
нябеснае васільку.
* * *
Маршруты варушацца:
ўводзяць
лес мурашы
ў ашрам.
* * *
Дажджу налілося:
гусь
знаёміцца з лужай.
* * *
Дрэвы бухматыя:
хаты
ўздымае некуды дым.
* * *
Змяняецца блізкае:
лінзу
трымае далечыня.
* * *
Дзе людзі?!.
Грыбы
заходзяць у паграбы.
* * *
У сполаху плот:
латошыць
залева сад.
* * *
З поля на волю –
гарбуз
пхаецца праз агароджу.
* * *
З кульбай і копашкаю:
вядзе
бульба бабулю
вулкай.
* * *
Сліпучыя бліскаўкі:
наваколле
палохаецца адкрыцця.
* * *
Нябёсы адкрыліся:
каля хаты
лунае ў квецені
бэз -
крылаты.
* * *
Хоча напіцца?!.
дах
залеву зачэрпвае
чарапіцай.
* * *
З навінамі -
нацянькі
спяшаецца дождж
да нівы.
* * *
Сцежка адсунулася:
пераняла
свет бліскавіца.
* * *
Што ты надумала?..
Рунь
чапае салома.
* * *
Што адбываецца?
Адбіваецца
спёка ад слепакоў.
* * *
Прыходжу і адыходжу:
хвошча
нанова тойсамы
дождж.
* * *
У посахах:
пасвіць аер
у возеры хвалі.
* * *
Налёталася -
ля плота
завея спіць у намётах.
* * *
Пуста:
ідзе
да пудзіла бусел.
* * *
Пахмура:
грыбы трымаюць
у нетрах ліхтарыкі
і ліхтары.
* * *
Сонца купаецца
у смятане
і ў малацэ:
світанне.
* * *
Цаляе?!.
Так-так:
ацаляе
дзяцел сасну.
* * *
Лужа ўсыхае:
спяшайся
жабкаю стацца,
прач!.
* * *
Выпаў:
руцэ
да снегу ахвота даткнуцца
раптам.
* * *
Хвалі вагаюцца -
намагаюцца
узняць са дна
глыбіню.
* * *
Рыхтуецца выстаўка?!.
Над стаўком
вывешваюць ластаўкі
навальніцу.