Друкуючы ў “Дзеяслове” №4 (41) за гэты год артыкул
Алеся Тарановіча “Мадэрнізм: учора, сёньня
...заўтра, альбо Споведзь былога мадэрніста”,
рэдакцыя “Дзеяслова” спадзявалася, што ён зачэпіць
“за жывое” многіх творцаў і выкліча неадназначную рэакцыю. Мы запрасілі сваіх чытачоў да працягу распачатай аўтарам размовы пра стан і праблемы сучаснага мастацтва ўвогуле і літаратуры
ў прыватнасьці. Адзін з першых водгукаў на тую
публікацыю мы і друкуем. Падкрэсьліваем: думка аўтара можа не супадаць з думкай рэдакцыі, а значыць пры жаданьні, слова ў наступных нумарах часопісу атрымае кожны, хто захоча выказацца на распачатую тэму...
У
сёньняшнім
сьвеце
культура
хоць
і
зьяўляецца
маргінальным
феноменам
грамадскага
жыцьця
, аднак
па
-ранейшаму
працягвае
аказваць
даволі
істотны
і
неадназначны
ўплыў
на
сьветаўспрыманьне
і
паводзіны
практычна
ўсіх
людзей
. Пры
ўсёй
стракатасьці
і
шматаблічнасьці
мастацкіх
пошукаў
і
практык
двума
найбольш
уплывовымі
мастацкімі
кірункамі
з
другой
паловы
ХХ
стагоддзьзя
застаюцца
постмадэрнізм
і
рэалізм
(ва
ўсіх
яго
мадыфікацыях
і
разнавіднасьцях
– «крытычны
рэалізм
”; “сацыялістычны
або
постсацыялістычны
рэалізм
”; “магічны
рэалізм
” і
інш
.). Але
перш
чым
пачаць
размову
пра
сьпецыфіку
сучаснага
беларускага
літаратурнага
мадэрнізму
, спачатку
некалькі
агульных
разважаньняў
наконт
сьпецыфікі
разьвіцьця
грамадства
і
культуры
ў
сучасны
перыяд
.
Эпоха “нібыта-культуры”,
альбо ў зачараваным коле псеўдамастацтва
На мой погляд, у канцы ХХ ст. у большасьці краінаў сьвету відавочна ўзмацніліся прыкметы татальнай хваравітасьці. Чалавецтва ўсё больш і больш аддаляецца ад таго грамадства, якое Эрых Фром калісьці называў “здаровым”. І адпаведна адбываецца няўхільны дрэйф у бок “хворага (хваравітага) грамадства”. Сутнаснымі рысамі такога тыпу грамадства зьяўляецца ўсё нарастаючая адчужанасьць паміж людзьмі, няўхільнае ўзмацненьне эгацэнтрызму, геданізму і меркантылізму, рэлятывізацыя і разбурэньне традыцыйных маральна-этычных каштоўнасьцяў, прыкметнае паскарэньне і нарастаючая хаатычнасьць жыцьця. Вельмі добра і па-мастацку надзвычай выразна сьпецыфіка сучаснага жыцьця паказана ў выдатнай экзістэнцыйнай дакументальнай кінапаэме “Koyaanisqatsi” (1982) амерыканскага рэжысёра Годфры Рэджо. Гэты фільм з дапамогай яркіх візуальных карцінаў прыроды і цывілізацыі пераканаўча пацьвярджае сваю назву, што ў прыблізным перакладзе з мовы індзейцаў племя хопі азначае “мітусьлівае, вар’яцкае жыцьцё; або жыцьцё, пазбаўленае трываласьці і раўнавагі”.
У свой час вядомы псіхолаг Леў Выгоцкі (дарэчы, наш зямляк – родам з Віцебшчыны) ў сваёй грунтоўнай працы “Псіхалогія мастацтва” слушна сьцьвярджаў, што “мастацтва ніколі ня можа быць вытлумачана да канца з малога кола асабістага жыцьця, але абавязкова патрабуе тлумачэньня з вялікага кола жыцьця сацыяльнага” (Гл.: Выготский Л.С. Психология искусства. – Мн, 1998. С.93). Таму і не выпадкова, што гэтае “вялікае кола мітусьлівага сацыяльнага жыцьця” адпаведным чынам паўплывала на стан і характар разьвіцьця розных відаў мастацтва. У большасьці выпадкаў яно таксама стала больш “хваравітым”, фрагментарным (“мазаічным”) і ў той жа час больш павярхоўным, накіраваным на зьнешні эфект, а часам і на простае шакаваньне чытача, гледача ці слухача.
Агульнай тэндэнцыяй стала таксама нарастаючая дэпрафесіяналізацыя культуры, што выявілася ў прыходзе ў розныя віды мастацтва масы людзей без высокай сьпецыяльнай адукацыі і (што яшчэ больш сумна!) без заўважных творчых здольнасьцяў. Таму на авансцэну ў розных сферах мастацкага жыцьця (найперш у літаратуры, жывапісе, эстраднай музыцы) выйшла мноства, так бы мовіць, “бясталентных аматараў”. Але апошнія дзякуючы такім сваім сьпецыфічным якасьцям, як надзвычайная актыўнасьць, нахабства, уменьне знаходзіць спонсараў і ўмела праводзіць піяр-акцыі, забясьпечваць падтрымку сярод “сваіх” літаратурных і музычных крытыкаў, пачалі выходзіць ледзь не на першыя месцы, значна абыходзячы сапраўдных талентаў у папулярнасьці, славе і матэрыяльнай забясьпечанасьці.
Таму ёсьць адпаведныя падставы казаць, што такі “перакулены” сьвет стварыў адмысловы феномен т.зв. “нібыта-культуры”. Ён праяўляецца ў тым, што нам – чытачам, гледачам, слухачам – у якасьці сапраўдных твораў мастацтва прапануюцца (дакладней, найчасьцей навязваюцца) “нібыта”-вершы/карціны/песьні/, створаныя і выкананыя адпаведна “нібыта”-паэтамі/мастакамі/сьпевакамі і г.д. Сёньня аказваецца рэальна магчымым тое, што яшчэ нават некалькі дзесяцігоддзяў таму было амаль немагчыма ўявіць – каб усялякае пэцканьне на палатне называлася творам жывапісу, напісаная на паперы бязглузьдзіца – творам паэзіі, мармытаньне на сцэне пад фанаграму – мастацтвам эстраднай песьні…
Іншымі словамі, наступіў час усеагульнай прафанацыі культуры, стварэньня замест сапраўды сур’ёзных і глыбокіх твораў шматлікіх узораў “псеўдамастацтва”, ці, можна сказаць інакш – “эрзац-культуры”, “кітчавага мастацтва”. У выніку атрымліваецца своеасаблівае “зачараванае кола псеўдамастацтва”, калі выдаваемыя за сапраўднае мастацтва артэфакты “выхоўваюць-спараджаюць” адпаведных прыхільнікаў, пасьлядоўнікаў, а тыя апошнія (у сваю чаргу) уласнай непрыхаванай цягай да падобных твораў інсьпіруюць, “правакуюць” яшчэ большую актыўнасьць шматлікіх псеўда-творцаў. Зразумела, што ў сёньняшнім сьвеце (насуперак усім неспрыяльным павевам і абставінам), дзякуючы высілкам таленавітых і выдатных творцаў яшчэ захоўваецца высокая, ці элітарная культура, але, на вялікі жаль, яна выціснута ў маргінэз і сфера яе распаўсюджваньня працягвае няўхільна скарачацца, як шчыгрынавая скура ў аднайменным рамане Бальзака.
У дадзеным артыкуле мне б хацелася працягнуць гаворку пра стан мадэрнізму ў мінулым і сёньня, што была распачатана на старонках “Дзеяслова” (№41) мастаком і журналістам Алесем Тарановічам. У цэлым падзяляючы востра крытычны погляд аўтара на сутнасьць і зьмест мадэрнісцкіх твораў выяўленчага мастацтва, хацелася б аднак заўважыць, што як асобны мастацкі кірунак мадэрнізм – гэта зьява не аднародная, а шматаблічная, разнастайная, прадстаўленая (ня толькі бяздарнымі опусамі бесталентных творцаў) гэтаксама і якаснымі, цікавымі творамі таленавітых аўтараў. І ў гэтым кантэксьце нельга пагадзіцца з высновай аўтара пра тое, што “ў ХХІ стагоддзе мадэрнізм ужо не ўвайшоў”. Факты сьведчаць, што якраз такі ўвайшоў і зрабіў гэта даволі ўпэўнена і нахабна, хаця апагей мадэрнізму, на мой погляд, застаўся ўжо ззаду, і сёньня ўвага да яго пачынае паступова падаць.
Акрамя таго, падрабязны пералік у тэксьце вышэйзгаданага артыкулу разнастайных “памылак” мадэрнізму зьяўляецца, як мне здаецца, своеасаблівай “памылкай” самога аўтара. Лічу, што ня варта абвінавачваць творцаў (некаторыя з якіх, безумоўна, таленавітыя) у тым, што яны нешта робяць ня так, як камусьці хацелася б – кожны творца мае права на свабоду творчага самавыяўленьня, на ўласныя эксьперыменты, знаходкі і памылкі. Галоўнае ж тут заключаецца ў іншым – а менавіта ў тым, наколькі створаны артэфакт культуры зьяўляецца арыгінальным, самабытным, каштоўным (у сэньсе сваіх мастацкіх вартасьцяў) і наколькі ён можа выклікаць цікавасьць у людзей з больш-менш устойлівай, здаровай псіхікай. Прыгадаем тут вядомае вальтэраўскае выказваньне: “усе жанры харошыя, акрамя нудотных”. Гэтыя словы можна было б трошкі перафразаваць і дадаць яшчэ адзін нюанс: усе творы добрыя, акрамя нецікавых і бяздарных (бясталентных).
Абнаўленьне літаратурнай прасторы Беларусі
А зараз больш падрабязна разгледзім сьпецыфіку і агульны стан сучаснага беларускага паэтычнага мадэрнізму (ці дакладней – постмадэрнізму). Прычым тут для большай зручнасьці і лёгкасьці ўспрыманьня тэрміны “мадэрнізм” і “постмадэрнізм” будуць разглядацца па сутнасьці як сінонімы, хаця, зразумела, у культуралогіі яны маюць даволі прыкметныя сэнсавыя адрозьненьні. Зараз ня будзем ўдавацца ў навуковыя вызначэньні гэтых паняцьцяў, заўважыўшы толькі тое, што мадэрнізм пачатку ХХ ст. і найноўшы мадэрнізм канца ХХ — пачатку ХХІ ст. – гэта, як кажуць, “дзьве вялікія розьніцы”. Вобразна кажучы, калі многіх мадэрністаў пачатку мінулага стагоддзя можна ўявіць паважнымі, самавітымі веліканамі, гуліверамі, то сучасных мадэрністаў – у большасьці хіба што экстравагантнымі карлікамі, пігмеямі. Узгадваньне пігмеяў будзе дарэчным яшчэ і ў кантэксьце распрацоўкі “слупом” “Бум-Бам-Літа” Зьміцерам Вішнёвым адмысловай канцэпцыі “афрыканізму”.
Можна нават сказаць, што мадэрнісцкая паэзія за стогадовы перыяд свайго разьвіцьця прайшла пакручасты шлях сваёй унутранай дэградацыі, які, гаворачы персаніфікавана, можна коратка апісаць так – “ад Томаса Стэрнза Эліёта да… Дзьмітрыя Прыгава”. Пры гэтым класік мадэрнізму – лаўрэат Нобелеўскай прэміі Т. Эліёт – напісаў за сваё працяглае жыцьцё адносна мала вершаў і паэмаў, але практычна ўсе яны былі шэдэўрамі і станавіліся прыкметнай зьявай у сусьветнай літаратуры, а самай знакамітай яго паэме “Бясплодная зямля” (1922) прысьвечаныя многія сотні кніг, брашур і навуковых артыкулаў. У той жа час другі паэт – “бацька рускага канцэптуалізму” Дз. Прыгаў – напісаў вялікае мноства вершаў (па яго ўласным прызнаньні, звыш 35 тысячаў, што перавышае колькасьць вершаваных твораў усіх расійскіх класікаў разам узятых!), большасьць з якіх, даруйце, цяжка назваць як-небудзь іначай, чым графаманствам, ці “паперапэцканьнем”.
Зразумела, і ў наш вірліва-мітусьлівы час ёсьць здольныя і надзвычай таленавітыя паэты-мадэрністы, але яны складаюць хутчэй выключэньне з агульнай шэрай масы вершатворцаў. Вышэйпрыведзены прыклад добра ілюструе думку найлепшага паэта сярод усіх беларускіх мадэрністаў Алеся Разанава, які ў адным са сваіх зномаў слушна адзначаў, што “мноства – супернік паэта” і што добрыя творы “павінны быць выключнымі, адзінкавымі” (Гл.: Разанаў А. Сума немагчымасцяў: зномы. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2009. – С.15). З усіх маладых айчынных мадэрністаў гэтаму меркаваньню ў найбольшай ступені адпавядае, відаць, Вальжына Морт, якая выпусьціла пакуль усяго адзін зборнік і ўвогуле піша і друкуе мала вершаў, аднак амаль усе яны сапраўды ўяўляюць мастацкую каштоўнасьць. У той жа час значна часьцей сустракаюцца паэты меншага таленту (мадэрністы і рэалісты-традыцыяналісты), але якія ўжо маюць немалую колькасьць аўтарскіх кніг і вялікае мноства слабых вершаў рознага аб’ёму – і гранічна кароткіх, і надзвычай доўгіх. Аднак усё гэта так – адно толькі невялічкая рэмарка…
На мой погляд, у нашай краіне найбольш яскрава рэпрэзентуюць мадэрнісцкія тэндэнцыі ў літаратуры удзельнікі і прыхільнікі такіх літаратурных суполак, як “Таварыства Вольных літаратараў” (ТВЛ), “Бум-Бам-Літ” і, прыйшоўшы яму на зьмену, “Schmerzwerk”. Далей гутарка пойдзе не пра ўсіх айчынных мадэрністаў, а толькі пра прадстаўнікоў маладога пакаленьня, якія прыйшлі ў літаратуру ў сярэдзіне 1990-х гг. і ў больш позьні час – г.зн. пра тых творцаў, якія зараз збольшага знаходзяцца ва ўзроставым дыяпазоне ад 25 да 40 гадоў.
Спачатку коратка скажам пра асобныя станоўчыя рысы і вынікі дзейнасьці беларускіх мадэрністаў у галіне паэтычнага мастацтва. Адной з найбольш важных такіх рысаў зьяўляецца тое, што яны даволі заўважна, істотна абнавілі (зразумела, найперш сваімі лепшымі творамі!) літаратурную прастору Беларусі, наблізілі яе да звыклага ў ХХ ст. для разьвітых еўрапейскіх краінаў літаратурнага ландшафту.
Ідучы ўсьлед за своеасаблівай модай на постмадэрнізм у заходнім мастацтве, айчынныя мадэрністы пры напісаньні сваіх шматлікіх твораў праявілі, безумоўна, пэўную сьмеласьць, раскаванасьць, унутраную свабоду духу, а часам нават і нахабства (тут міжволі ўзгадваецца безапеляцыйнае выказваньне заснавальніка італьянскага футурызму Тамаза Марынэці – “Без нахабства няма шэдэўраў”), бо, не зважаючы на аўтарытэты і крытычныя выказваньні, а таксама на пэўныя неспрыяльныя моманты ў грамадскім жыцьці, працягвалі зацята “гнуць сваю лінію”, друкаваць свае опусы і экстравагантна, ярка выконваць іх са сцэны. Увогуле, бяз іх творчасьці сучасная літаратурная панарама Беларусі была б, зразумела, няпоўнай, – амаль як у вядомым выказваньні пра тое, што “без мяне народ няпоўны”.
Па-мойму, вельмі добра і рознабакова прадставіў творчасьць айчынных мадэрністаў паэт і журналіст Міхась Скобла ў аўтарскай грунтоўнай анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя “Краса і сіла” (Мн.: “Лімарыус”, 2003). На старонках гэтага ўнікальнага выданьня можна прачытаць, бадай, сапраўды найбольш самабытныя і тыповыя творы “бумбамлітаўцаў” Зьміцера Вішнёва, Віктара Жыбуля, Сержа Мінскевіча, Усевалада Гарачкі, а таксама такіх “перакананых” мадэрністаў, як Андрэй Хадановіч, Юрась Пацюпа, Юры Гумянюк, Ігар Сідарук і інш. Ужо з разгляду прыведзеных у дадзенай анталогіі вершаў бачна, што іх унёскам (наколькі ён заўважны і каштоўны, гэта іншае пытаньне!) у беларускую літаратуру можна лічыць абнаўленьне лексікі “надзвычай цнатлівай” ранейшай паэзіі, а таксама спробы знайсьці новыя формы выразнасьці, увесьці ў айчынную вершатворчасьць экзатычныя матывы, вобразы і да т.п.
Аднак у цэлым уклад сучасных мадэрністаў у айчынную літаратуру ня варта перабольшваць і разглядаць яго як толькі іх уласнае вынаходніцтва. Справа ў тым, што яны працуюць прыблізна ў тым жа напрамку, рэчышчы, які быў уласьцівы разьвітым замежным літаратурам ужо амаль стагоддзе таму. У пачатку ХХ ст. дзякуючы намаганьням пераважна французскіх дадаістаў і сюррэалістаў, італьянскіх футурыстаў і расейскіх кубафутурыстаў, лацінаамерыканскіх авангардыстаў адбылося значнае абнаўленьне тагачаснай паэтычнай прасторы, усяго літаратурнага ландшафту. Надзвычай актыўная дзейнасьць прадстаўнікоў усялякіх “-ізмаў” прывяла да пэўнага ўзбагачэньня сродкаў мастацкай выразнасьці, а таксама да раней нечуванага “зацямненьня” сэнсу вершаў, іх відавочнага алагізму, да нагрувашчваньня надзвычай сьмелых, дзіўных, экзатычных вобразаў, да зьнікненьня знакаў прыпынку, рыфмы і адпаведна да значнага пашырэньня верлібраў, да новых спосабаў графічнага афармленьня вершаў (напрыклад, “лесьвіца” Маякоўскага) і да т.п.
Увогуле, першым з беларускіх паэтаў, хто вельмі добра засвоіў і творча выкарыстоўваў у сваёй дзейнасьці шматлікія здабыткі старажытнай і найноўшай яму паэзіі, быў геніяльны беларускі паэт – эталон “паэтычнай красы і сілы” – Максім Багдановіч. Трохі пазьней, асабліва на працягу 1920-х гг. (а ў Заходняй Беларусі і ў 1930-я гг.) найбольш плённай у плане засваеньня назапашаных здабыткаў высокаразьвітых замежных літаратур і іх “перасаджваньня” на беларускую глебу была творчая дзейнасьць такіх выдатных і проста таленавітых творцаў, як Уладзімір Жылка, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Уладзімір Хадыка, Вацлаў Ластоўскі (Власт), Аркадзь Моркаўка, Максім Танк, Рыгор Папараць і інш. Яны сьмела спрабавалі ўводзіць у тагачасную беларускую паэзію новыя формы і віды верша (напр., верлібры, вершы ў прозе), актыўна шукаць новыя сродкі мастацкай выразнасьці. Але, на вялікі жаль, творчыя пошукі асобных з вышэйназваных надзвычай і іншых адораных беларускіх паэтаў былі гвалтоўна спынены ў выніку масавых бальшавіцкіх рэпрэсіяў і ўзмацненьня цэнзуры. І можна толькі здагадвацца, якога ўзроўню магла б дасягнуць беларуская літаратура ў ХХ ст., калі б не было тых нечуваных рэпрэсіяў і існавала сапраўдная свабода творчага самавыяўленьня. І безумоўна, найбольшы ўклад у справу абнаўленьня беларускай паэзіі апошняй трэці ХХ ст. унесла творчая дзейнасьць Алеся Разанава. Менавіта ён можа ўспрымацца (калі трошкі перафразаваць вядомае выказваньне пра найлепшага расійскага паэта) як “наша мадэрновае ўсё”.
Улічваючы вышэйназванае, наватарства айчынных мадэрністаў варта ацэньваць, па-мойму, больш стрымана і цьвяроза, без празьмернага захапленьня і ўслаўленьня. Але тым ня менш, за разглядаемы намі гістарычны перыяд – з пачатку 1990-х да канца 2000-х гг. – былі напісаныя (хай сабе і няшмат!) сапраўды таленавітыя і самабытныя паэтычныя і празаічныя творы. У галіне прозы ўяўляюць, напрыклад, цікавасьць раманы Альгерда Бахарэвіча, асобныя творы Ілблі Сіна, а таксама, напрыклад, “міні-раманчыкі” Вольгі Гапеевай, Вальжыны Морт.
І ўсё-такі, найбольш прыкметны і важны ўнёсак беларуская мадэрнісцкая паэзія ўнесла, бадай, у айчынную “вершаваную гумарыстыку”. Паколькі для мадэрнізму арганічна ўласьціва схільнасьць да бясконцай, татальнай гульні, да “іранічна-сьцёбнага” асэнсаваньня жыцьця, то і нядзіўна, што менавіта ў гэтым рэчышчы ці блізкім да яго былі створаны самыя цікавыя і каштоўныя творы. Іх аўтарамі сталі найперш таленавітыя паэты Андрэй Хадановіч (узгадаем, напрыклад, яго “беларускія лімэрыкі” і творы з кнігі “Старыя вершы”), а таксама Віктар Жыбуль і ягоная жонка Вера Бурлак (Джэці). Апошнія з іх выдалі як асобныя зборнікі сваіх вершаў, так і “супольную харошую кніжачку” пад назвай “Забі ў сабе Сакрата” (Мн., 2008). У творах вышэйназваных аўтараў сустракаюцца сапраўды ўдалыя, па-майстэрску напісаныя вершы, што вызначаюцца віртуозным валоданьнем словам, дасьціпнасьцю, гульлівасьцю, выкарыстаньнем розных формаў верша (санет, трыялет, туюг), а часам і “выхадам” на сацыяльную праблематыку.
Хацелася б таксама асобна адзначыць яшчэ два ладныя, харошыя паэтычныя зборнікі – “Я тоненькая, як твае вейкі” (2005) Вальжыны Морт і “Pager-вершы: начная лірыка” (2005) Глеба Лабадзенкі. Першы з вышэйназваных зборнікаў можна лічыць, бадай, найвышэйшым дасягненьнем у галіне беларускага “моладзевага пачуцьцёвага мадэрнізму”, паколькі ў ім арыгінальна, надзвычай сьмела і шчыра выяўлены разнастайныя (часам кантрастныя) эмоцыі і пачуцьці маладой дзяўчыны. Менавіта яна зьяўляецца аўтарам верша “Больніца”, які А.Хадановіч, відаць, слушна назваў самым знакамітым творам сучаснай маладой беларускай паэзіі. Адно толькі хацелася б пажадаць таленавітай аўтарцы – быць больш асьцярожнай і абачлівай у выкарыстаньні ў сваіх паэтычных і празаічных творах ненарматыўнай лексікі. А што датычыцца другога зборніка, то яго аўтар (няхай сабе і не тыповы постмадэрніст) – таленавіты паэт і журналіст – нягледзячы на свае “маладыя гады, маладыя жаданьня” (па Багдановічу) увогуле вынайшаў новы від паэзіі – т.зв. “pager-вершы”, напісаныя на пэйджэры і дасланыя з яго дапамогай любімым адрасатам.
А цяпер хацелася б зрабіць адно невялічкае, але даволі істотнае адступленьне. Паколькі ў сучасную эпоху “ўсеагульнага хаосу” ў значнай ступені разбураныя традыцыйныя маральныя і духоўныя каштоўнасьці, чалавек нярэдка губляе магчымасьць адэкватна арыентавацца ў “вар’яцкім сьвеце”, а таксама цьвяроза ўспрымаць і ацэньваць розныя зьявы ў галіне палітыкі, эканомікі, мастацтва. Таму зноў становіцца актуальнай задачай адшукаць (хаця б для самога сябе) своеасаблівую сістэму каардынатаў, а таксама асноўных крытэрыяў ацэнкі вартасьці таго ці іншага твору мастацтва. Калі слухач, глядач, ці чытач ведаюць такія “крытэрыі якасьці”, то яны могуць больш-менш хутка адрозьніць сапраўднае мастацтва ад псеўдамастацтва, артэфакты высокай культуры ад узораў “нібыта-культуры”. Спрабуючы максімальна коратка вызначыць падобныя крытэрыі якасьці паэтычных твораў, мною нечакана напісаўся наступны тэкст: “Верш, у якім няма: сьлядоў натхненьня, праяваў розуму глыбокага, гарэньня душы і сэрца неспакойнага, – нарэшце, калі паэт ня мае густу, веры (ня толькі ў сябе!), майстэрства, а яшчэ і сораму, і адчуваньня меры, тады такія яго творы – то ня вершы, а так – пустое крэмзаньне паперы…”
Іншымі словамі, верш можна лічыць каштоўным і таленавітым паэтычным творам тады, калі ў ім зьліліся ў арганічнае цэлае арыгінальныя вобразы, шчырыя пачуцьці, глыбокія думкі, вытанчаны эстэтычны густ і прыстойная “верша-тэхніка” аўтара. Вельмі добрае вызначэньне любога твора мастацтва (у тым ліку і сапраўднага верша) даў найбуйнейшы паэт 20 ст. Райнер Марыя Рыльке, які вызначаў яго як “глыбока інтымнае адкрыцьцё”. Акрамя шчырага выказваньня уласных пачуцьцяў і думак пажадана, каб кожны вершатворца яшчэ дасканала валодаў т. зв. “рамяством паэта”. Аўтар апошняга словазлучэньня – выдатны расейскі паэт-сімваліст Валерый Брусаў – заўжды настойваў, што любы паэт павінен трывала засвоіць асновы паэтычнага майстэрства і ўвесь час імкнуцца яго павышаць, удасканальваць. Таму ў далейшым, каб зразумець розьніцу паміж сапраўдным вершам і своеасаблівай падробкай пад яго (т.зв. “псеўдапаэтычным опусам”), мы і паспрабуем абапірацца на вышэйпрыведзеную “сетку каардынатаў” і меркаваньні славутых майстроў паэтычнага слова.
Калі ж зараз паспрабаваць вылучыць (хаця зрабіць гэта надзвычай складана) толькі адзін найбольш цікавы і дасканалы твор маладога паэта-мадэрніста, то тут, з майго суб’ектыўнага пункту гледжаньня, варта назваць верш пад назвай “Карэктар Сьнег” Віктара Жыбуля з яго зборніка “Дыяфрагма” (Мн., 2002). Гэты твор вызначаецца багацьцем выкарыстаных паэтычных сродкаў выразнасьці, завершанасьцю паэтычнай думкі, культурай мовы, а таксама арыгінальнай цэнтральнай метафарай. Вось поўны тэкст верша (дарэчы, у вышэйзгаданай анталогіі “Краса і сіла” чамусьці адсутнічае заключная страфа):
У рыхла-белай гурбістай газеце,
што разгарнулася абрусамі па бруку,
у час, калі ўсе птушкі на дыеце,
карэктар Сьнег шукаў памылкі друку.
Працуе дзень і ноч амаль няспынна
друкарскі незмаўкальны наш станок,
што пакідае кожную хвіліну
адбіткі шын,
лыж,
лап
і ног.
Вось так зіма нас робіць друкарамі:
ці то язда,
ці то хада,
ці бег.
Ды нашы ўсе радкі перабірае
і беліць начыста
карэктар Сьнег.
Ён пад станка прыглушаны стук-грукат,
трымаючы пушысты белы пэндзаль,
замазаў дужа шмат памылак друку…
Дык, можа, не карэктар ён,
А цэнзар?
Вось так надзвычай таленавіты версіфікатар В.Жыбуль адным вельмі ўдалым і якасным вершам па сутнасьці даў, можна сказаць, бясплатны паэтычны “майстар-клас” ня толькі сваім “калегам” па “Бум-Бам-Літу”, але і большасьці маладых і сталых паэтаў традыцыйнай (у сэньсе рэалістычнай) літаратурнай арыентацыі. Гэты твор (які па сваім зьмесьце і агульнай танальнасьці некалькі “выходзіць за межы” традыцыйных постмадэрнісцкіх канонаў) адразу “просіцца” ў паэтычныя анталогіі, паколькі ён адначасова зьяўляецца і ўзорам паэтычнай натхнёнасьці, і праявай душэўнай усхваляванасьці, і вынікам някепскага валоданьня “паэтычным рамяством”. Акрамя таго, варта адзначыць, што В. Жыбуль, творчы патэнцыял якога яшчэ не раскрыты напоўніцу, унёс свой уклад у беларускую літаратуру таксама і сваімі паліндромнымі паэмамі (нечуваная зьява ў беларускім прыгожым пісьменстве!) – “Рогі гор” і “Кацёл клёцак”.
Такім чынам, творы вышэйназваных беларускіх паэтаў-мадэрністаў спрычыніліся да ўзьнікненьня таго феномену, які ўмоўна можна было б акрэсьліць як “бляск” айчыннага літаратурнага мадэрнізму. А далей пагаворым пра больш сумнае і паспрабуем вызначыць, у чым жа заключаецца ўбогасьць, шэрасьць і ў чым галоўныя недахопы маладой паэзіі мадэрнісцкага кірунку.
Шызарэалізм, ці звычайная ўбогасьць?
Адзін з найбольш глыбокіх беларускіх эсэістаў Сяргей Дубавец у сваёй кнізе літаратурных эсэ пад назвай “Вершы” выказвае некалькі даволі спрэчных меркаваньняў. Па-першае, гаворачы пра тое, што ў савецкі час меў месца “шырокі прыток графаманаў”, ён (у выглядзе параўнаньня) адзначае, што “сёньняшні час зьдзіўляе амаль поўнай адсутнасьцю карысьлівых рыфмаплётаў сярод тых, хто выходзіць на сцэну з вершамі па-беларуску”. І трошкі далей агучваецца яшчэ адна спрэчная думка аб тым, што сучасная “беларуская паэзія перажывае ўздым” (Гл.: Дубавец С. Вершы. – Мн.: Медысонт, Бібліятэчка часопісу “Дзеяслоў”, 2007. – С. 7-8).
На мой погляд, прыведзеныя высновы С. Дубаўца выклікаюць пэўныя сумненьні і жаданьне пярэчыць ужо з-за таго, што практычна ніякіх, як гаворыцца, аргументаў і фактаў на карысьць сваіх сентэнцыяў ён не прыводзіць. Тады як больш-менш уважлівы разгляд разьвіцьця сучаснай беларускай паэзіі сьведчыць, па-мойму, якраз пра адваротнае – ў лепшым выпадку пра яе стагнацыю, а ў горшым – нават рэгрэс. Азнаямленьне з творамі аўтараў афіцыйных літаратурных выданьняў (найперш маюцца на ўвазе часопісы “Полымя”, “Маладосць” і газета “Літаратура і мастацтва”) толькі за адзін гэты 2009 год пераканаўча сьведчыць, што паток слабых (а часам і амаль графаманскіх) вершаў працягваецца, а можа быць, і ўзмацняецца. Яшчэ больш сумнае ўражаньне пакідае разгляд творчасьці “расейскамоўных беларускіх” паэтаў, што друкуюцца пераважна на старонках часопісаў “Нёман” і “Новая Немига литературная”. І тут міжволі складваецца ўражаньне, што беларуская мова, магчыма, ужо сама па сабе зьяўляецца своеасаблівым бар’ерам на шляху графаманства, паколькі ўсё ж такі колькасьць адназначна бездапаможных (у сэньсе мастацкіх вартасьцяў) паэтычных опусаў на расейскай мове заўважна перавышае колькасьць адпаведных твораў на беларускай мове.
Большасьці твораў з вышэйназваных выданьняў уласьцівы банальнасьць, патэтычная шматслоўнасьць (рэзанёрства), адсутнасьць творчых пошукаў, глыбокіх думак і пачуцьцяў, а таксама арыгінальных паэтычных тропаў. Хаця, зразумела, можна сустрэць тут і някепскія, якасныя творы, аднак яны зьяўляюцца хутчэй выключэньнем з правілаў. Калі ж мы дадаткова да ўласна літаратурных выданьняў далучым і некаторыя іншыя газеты, часопісы, а таксама ўсёўзрастаючую колькасьць адпаведных інтэрнэт-рэсурсаў і выдаваемых за свой кошт паэтычных кніг, то агульная карціна стане яшчэ больш змрочнай. Усё гэта пацьвярджае думку пра тое, што “племя” нашчадкаў графа Хвастова – самай яркай “зоркі” расейскіх графаманаў пушкінскай і постпушкінскай эпохі (па адной з жартоўных версіяў, сама назва “графаманія” якраз і паходзіць ад тытула гэтага бяздарнага пііта, які на поўным сур’ёзе лічыў Пушкіна сваім пераемнікам) – нязводнае і што яго справа, як гаворыцца, па-ранейшаму жыве ў вяках і працягвае квітнець у пачатку ХХІ ст.
Другім фактам, які пярэчыць канцэпцыі ўздыму беларускай паэзіі, зьяўляецца тое, што асобныя таленавітыя паэты сярэдняга і старэйшага пакаленьня або ўвогуле перасталі пісаць паэтычныя творы (так бы мовіць, па розных прычынах “завязалі” з паэзіяй), або збольшага перайшлі на прозу, або зрэдку пішуць і друкуюць сёньня вершы, якія відавочна саступаюць іх лепшым творам, напісаным у апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст. Да таго ж і нашы найвыдатнейшыя сучасныя паэты амаль перасталі нас радаваць (за выключэньнем асобных “залацінак”) сваімі бясспрэчнымі шэдэўрамі, колькасьць якіх у гады іх “творчага апагею” была значна большай.
І нарэшце, застаецца яшчэ адна, бадай, апошняя надзея прыхільнікаў аптымістычнай пазіцыі ў сэньсе ацэнкі ўзроўню айчыннай паэзіі – сучасны літаратурны мадэрнізм. На вялікі жаль, і творчыя здабыткі нашых мадэрністаў ніяк ня могуць сьведчыць пра ўзьлёт прыгожага пісьменства. Нягледзячы на тое, што паэты-постмадэрністы надзвычай актыўна дзейнічаюць ужо больш чым паўтара дзесяцігоддзі і маюць у сваіх шэрагах дзясяткі творцаў, тым ня менш, большая частка напісанага і надрукаванага імі, на мой погляд, мае альбо нязначную, альбо ўвогуле ня мае амаль ніякай мастацкай каштоўнасьці, што аўтаматычна пераводзіць падобныя творы ў катэгорыю своеасаблівага “літаратурнага шлаку, ці сьмецьця”. Апрача таго, мне здаецца, што зараз мадэрнісцкая паэзія па сутнасьці “топчацца на месцы”, паколькі ў гэтай сферы амаль не адчуваецца творчай эвалюцыі, самаразьвіцьця, а многія аўтары ўсё часьцей пачынаюць самапаўтарацца, адмаўляцца ад пошукаў новых сродкаў выразнасьці. Асобныя больш-менш удалыя (у мастацка-эстэтычных адносінах) ўзоры мадэрнісцкага пісьма прадстаўлены пераважна на старонках згаданай вышэй анталогіі “Краса і сіла” і часопісу “Дзеяслоў”, які ў адрозьненьне ад дзяржаўных выданьняў заўжды стараецца “трымаць марку” і не апускацца ніжэй абранага ўзроўню.
У цэлым большасьць мадэрнісцкіх твораў (хіба што за выключэньнем некалькіх лірычных і асобных іранічных вершаў) практычна ніколі і ніяк не закранаюць душу і сэрца, а неўзабаве ўвогуле пачынаюць навяваць яўную нудоту і жаданьне хутчэй закрыць такую кнігу. У чым жа тут справа? Чаму бальшыня вершаў адначасна і традыцыйнага, і мадэрнісцкага кірунку выклікае ў мяне па сутнасьці аднолькавую псіхалагічную рэакцыю непрыманьня.
Для тлумачэньня падобнай сітуацыі можна было б спачатку зьвярнуцца да разгляду т.з. “шызафрэнічнага мастацтва”. Тым больш што асобныя тэарэтыкі беларускага літаратурнага постмадэрнізму самі гавораць пра фарміраваньне і нібыта добрыя персьпектывы “шызарэалізму” ў айчыннай літаратуры. Напрыклад, эсэіст Юрась Барысевіч робіць не бясспрэчную выснову: “Паўнавартасны адказ на выклік, што кідае нам эпоха агульнай абыякавасьці, страты сэнсаў і разьяднанасьці, можа вытварыць адно эфектыўная і паўнакроўная шызамашына пісьма – літаратурнага, выяўленчага, харэаграфічнага, а нават і палітычнага” (Гл.: Барысевіч Ю. Цела і тэкст. Мн.: БГАКЦ, 1998. С.23). Мне ж здаецца, што, па-першае, ніякага выкліку гэтая эпоха нам ня кідае, паколькі мы самі па сутнасьці зьяўляемся і яе своеасаблівымі “прадуктамі”, і ў той жа час яе “стваральнікамі”. А па-другое, які сэнс актыўна працаваць гэтай “шызамашыне пісьма”, калі вынікі яе дзейнасьці, як будзе паказана трошкі пазьней, абсалютнай большасьці людзей папросту не цікавыя і не патрэбныя (зразумела, акрамя саміх творцаў і іх прыхільнікаў-апалагетаў).
Дык вось, калі ўзяць феномен паэтычнай творчасьці шызафрэнікаў, то трэба адразу адзначыць, што іх версіфікатарскія спробы ў сур’ёзных дасьледчыкаў ніколі не выклікалі пільнай увагі і жаданьня такую паэзію вывучаць. У адрозьненьне ад паэзіі, выяўленчае мастацтва псіханеўротыкаў даўно прыцягвае павышаную ўвагу сьпецыялістаў, паколькі ў гэтай галіне сустракаецца нямала сапраўды яркіх, надзвычай самабытных твораў, пра што сьведчаць разнастайныя выставы гэтых мастакоў і наяўнасьць кніг і артыкулаў, прысьвечаных “шызафрэнічнаму жывапісу”. Паэтычная ж творы пацыентаў “дамоў вар’яцтва” нецікавыя для дасьледчыкаў таму, што вызначаюцца практычна поўнай адсутнасьцю хаця б якіх-небудзь мастацкіх каштоўнасьцяў. Прычым іх паэтычныя опусы не зьяўляюцца аднароднымі, а маюць два асноўныя полюсы (ці модусы). Гэтыя полюсы яшчэ ў пачатку ХХ ст. выявіў нямецкі псіхіятр Эрнст Крэчмер, які выказаў думку пра тое, што шызоіды і шызафрэнікі ў залежнасьці ад уласнага характару і ступені цяжкасьці хваробы, з аднаго боку, могуць быць крохкія як шкло (т. зв. “модус шкла”), а з другога, быць тупыя, як дрэва (т. зв. “модус дрэва”).
Асобныя дасьледчыкі, хто ўсё-такі паспрабаваў прааналізаваць канкрэтныя прыклады “шызафрэнічнага вершаскладаньня”, прыйшлі да наступных высноваў. Імі было высьветлена, што паэтычныя творы, створаныя ў рэчышчы модусу “шкла”, вызначаюцца, як правіла, надзвычайнай цьмянасьцю, алагічнасьцю, выключнай засяроджанасьцю на сваіх хваравітых фантазіях, мроях, своеасаблівай “мазаічнай нагрувашчванасьцю” рознародных і часта абсалютна несумяшчальных (але зьнешне нярэдка вычварэнчых і экстравагантных) вобразаў, парушэньнем граматычных і арфаграфічных нормаў. Усё гэта абумоўлівае амаль поўную немагчымасьць больш-менш здаровым людзям удумацца і адчуць агульны зьмест і сімволіку падобных опусаў. Вершам жа супрацьлеглага модусу “дрэва”, наадварот, звычайна ўласьцівы стылістычная аднастайнасьць, рэзанёрства, трывіяльная манатоннасьць, банальнасьць, стэрэатыпнасьць, шаблоннасьць аўтарскага мысьленьня, амаль поўная адсутнасьць унікальнай аўтарскай інтанацыі (т.зв. “абязьлічанасьць”). Але пры гэтым такія вершы нярэдка вызначаюцца большай ці меншай фармалістычнай гладкасьцю, імкненьнем аўтара да дакладнага захаваньня памеру верша, яго рыфмікі і строфікі.
У цэлым, калі ў модусе “дрэва” паэтычныя творы нецікавыя з-за іх павярхоўнасьці, пустога рэзанёрства і абсалютнай “прадказальнасьці”, то ў модусе “шкла” яны нецікавыя з-за амаль абсалютнай іх неканвенцыяльнасьці (г.зн. сэнсавай незразумеласьці) і поўнай адсутнасьці імкненьня аўтара да таго, каб быць зразумелым іншымі людзьмі. І ў першым, і ў другім выпадку падобныя творы хутка стамляюць і выклікаюць відавочную нудоту.
Такім чынам, атрымліваецца, што калі многія апусы паэтаў-традыцыяналістаў (што друкуюцца ў афіцыйных літаратурных выданьнях) можа быць аднесеныя да модусу “дрэва”, то немалая частка твораў сучасных мадэрністаў хутчэй адпавядае супрацьлегламу “модусу шкла”. У выніку атрымліваецца своеасаблівы “посны”, або “прэсны” мадэрнізм, ня здольны нічым прывабіць, нічым закрануць ці ўскалыхнуць.
У дадзеным кантэксьце аналізу мадэрнісцкай паэзіі збольшага выглядае слушным меркаваньне Г.Кісьліцынай пра тое, што “літаратура (на шчасьце, ня ўся) дрэйфуе ад патрыятызму да фрэйдызму – новай рэлігіі вольных літаратараў (Кісьліцына Г. Blonde attack. Мн.: Логвінаў, 2003. С.31). І сапраўды, большасьць твораў мадэрністаў уяўляе сабой па сутнасьці адмысловую “плынь сьвядомасьці”, ці, відаць, больш правільна будзе казаць – падсьвядомасьці (“неўсьвядомленага”, паводле З.Фрэйда), у якой часта амаль немагчыма зразумець як сэнс твору, так і тое, навошта такі твор пішацца і каму ён прызначаецца. Падобныя творы ў большасьці выпадкаў зьяўляюцца надзвычай герметычнымі, цалкам “адчужанымі” ад пачуцьцяў і патрэбаў “сярэднестатыстычнага грамадзяніна”, а таксама нярэдка адлюстроўваюць шматлікія псіхалагічныя комплексы і хваравітыя перажываньні аўтараў. Інакш кажучы, такія вершы ўяўляюць сабой своеасаблівыя літаратурныя шарады ці загадкі, якія кожны чытач павінен (?!) паспрабаваць адгадаць.
Увогуле, аўтары-мадэрністы займаюць вельмі выгадную пазіцыю, паколькі, з аднаго боку, пішучы вельмі “цёмныя вершы”, а часам, прабачце, і проста бязглуздзіцу, лухту, яны ў той жа час спрабуюць выставіць сябе надта арыгінальнымі, самабытнымі, што найчасьцей, безумоўна, не адпавядае рэчаіснасьці. А з другога боку, такая цьмянасьць, незразумеласьць дае ім пэўныя падставы лічыць разнастайных чытачоў-“неразумекаў” адсталымі людзьмі, “недацёпамі” і да т.п. У той жа час, на мой погляд, больш складана (хаця любы харошы верш напісаць няпроста!) стварыць арыгінальнае, самабытнае ў рэчышчы мастацтва, блізкага да гуманізму і рэалізму. Бо тут за плячыма стаяць нават не стагоддзі, а тысячагоддзі разьвіцьця высокай паэзіі – пачынаючы ад краінаў Старажытнага Усходу (Егіпту, Індыі, Кітая і інш.). І каб на гэтай “гуманістычна-рэалістычнай дзялянцы” стварыць нешта новае, па-мастацку каштоўнае, сапраўды патрэбны выключны талент, глыбокі розум, надзвычай тонкая душэўная арганізацыя, багатая творчая фантазія, шырокая эрудыцыя, а таксама яшчэ ўменьне зірнуць крытычным вокам на свае творы і працягваць іх “дапрацоўваць”, шліфаваць – узгадаем багдановічаўскае “трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш // Абрабіць яго трэба з цярпеньнем”.
А ў выпадку з мадэрнісцкімі вершамі атрымліваецца, што можна ня мець, не валодаць уласна паэтычным мысьленьнем і ўражлівай душой, а проста (без усялякай на тое патрэбы і адпаведнай апрацоўкі) запісваць першае, што прыйшло ў галаву і потым выдаваць гэта за геніяльны твор. І (парадокс!) калі больш бязглузды, пазбаўлены якога-кольвечы сэнсу створаны опус, тым ён адэптамі постмадэрнізму хутчэй успрымаецца “на ура!”, разглядаецца як сапраўдны шэдэўр.
І вось цяпер прывядзем некалькі тыповых “перлаў” сучаснай постмадэрнісцкай паэзіі. Большасьць ніжэйпрыведзеных твораў была апублікаваная ў кнізе “Тазік беларускі: Зб. вершаў” (Мн.: Бервіта, 1998). Напрыклад, вось вельмі “глыбакадумны” верш пад назвай “Ён”, які належыць надзвычай “пладавітаму” пяру аднаго са “слупоў” “Бум-Бам-Літа” Зьміцера Вішнёва :
“Фтырус
фтыкурыс
ф-ф-ф-ф-ф
фтырус
футкурус…”
аф-аф-аф
фтырус
фаткурас
уф-уф-уф
фтырус
фумурус
фом-фом-фом
выпоўз
моўз
морг
рык
кус
Ф Т Ы Р У С
Фтыкнус”
А вось яшчэ некалькі фрагментаў з яго багатай творчай спадчыны – “Пагляджу на мамантавы знак і зразумею адну рабую ісьціну з рагамі сьлімаковымі. Што дрэвы растуць ацяпляльнымі батарэямі, што словы мае выкалупваюць магільную чачотку” (поўны тэкст верша!); “Я ганяю // зграі // афрыканскіх // мух! // мух ганяю // ганяю мух // Я ганяю // тоўстых // афрыканскіх // мух…”(фрагмент верша “Я зноў”).
А зараз некалькі вытрымак з творчай спадчыны Альгерда Бахарэвіча – “Я саджу пінгвіня на каня // Гэта мне і работа, і праца // І забава, і сродак схавацца // Я саджу пінгвіня на каня” (фрагмент твора); “Я хачу Піць Твой Пот” (увесь верш!).
А цяпер з твору Сержа Мінскевіча – “Гарыць лухтар // Лятаюць шмухі // Хаду спыніў мулнар // У штаны засунуў рукі (фрагмент з верша “Эпізад Жуцьця”).
А вось узор вершатворчасьці Вольгі Гапеевай – “Цэляфанавыя вятры // запакоўваюць аблокі // дажджы не ідуць // яны не людзі. // Сумна глядзіш як асобы жаночага полу // здымаюць перад табою спачатку станік а потым // А потым ўжо неістотна… (фрагмент з верша бяз назвы);
І нарэшце верш Ільлі Сіна – “ты – камяніцы гібрыднага неба вогнены // бляск і сьцёртыя кнігі дзеля таго каб // адрамантаваць вясну трэба адкалоць два // кавалкі манускрыпту вока мядзьведзі // матылькі хмарачосы жабы // з ь м е і // з ь м е і // з ь м е і” (поўны тэкст верша “Зьмеі”)…
Зразумела, яшчэ вельмі доўга можна было б прыводзіць падобныя паэтычныя “шэдэўры”, але, мяркую, большасьць чытачоў тут скажа “Хопіць!”, бо нават і з прыведзеных фрагментаў добра вымалёўваецца агульная карціна сьпецыфічнага мастацкага сьвету і напрамку творчых пошукаў паэтаў-мадэрністаў. Увогуле, мне здаецца, што каб запар прачытаць хаця б некалькі зборнікаў мадэрновых вершаў, патрэбна альбо непахісная, часам невытлумачальная “цяга” да падобнай вершатворчасьці, або надзвычай трывалая нярвовая сістэма і неверагодная вытрымка, якая можа набліжацца да мяжы мазахізму.
Калі сыходзіць з пункту гледзішча наяўнасьці хоць якога-кольвечы сэнсу ў гэтых “паэтычных шарадах”, то іх яшчэ трэба паспрабаваць разгадаць, а калі прытрымлівацца меркаваньня, што гэта проста бязглузьдзіца (т.з. “духоўная мешаніна”), то аўтаматычна зьнікае неабходнасьць растлумачваць такія опусы. Асабіста мне здаўна падаецца больш блізкай і слушнай менавіта другая з вышэйпрыведзеных версіяў. У якасьці пацьвярджэньня гэтай думкі спашлюся на меркаваньне нямецкага філосафа і псіхіятра Карла Ясьперса, які (на аснове шматгадовага аналізу паводзінаў і творчасьці псіхапаталагічных асобаў) называе іх амаль нічым паміж сабой не зьвязаныя і практычна бессэнсоўныя іх вершавананыя радкі “хаатычным літаратурным прадуктам”. Акрамя таго, К.Ясьперс называў празьмерную шматслоўнасьць сваіх пацыентаў-паэтаў (што, між іншым, сустракаецца даволі часта і сярод многіх сёньняшніх творцаў) своеасаблівым “моўным націскам”, прычым падобныя фейерверкі словаў зьяўляюцца найчасьцей сьведчаньнем духоўнага спусташэньня аўтараў і адначасова адчайнай спробай хоць як-небудзь яго завуаляваць, прыхаваць.
Як ні дзіўна, праўдзівасьць пазіцыі гэтага выдатнага дасьледчыка нечакана па сутнасьці цалкам пацьвердзіў той самы Зьміцер Вішнёў, які ў сваёй т. зв. “п’янай казцы” “Грымасы” з найноўшага зборніку тэкстаў “Фараон у заапарку” (Мн., 2007) надзвычай самакрытычна адзначыў: “Я – шаленец псіхапрыдуркаваты, сяджу на звар’яцелай канапе і пішу чарговую бязглузьдзіцу”. Ну што ж, як кажуць, “без каментароў” або Sapienti sat! Хтось адразу можа запярэчыць і сказаць, што гэта адно толькі праява постмадэрновай татальнай іроніі, жарту, гульні. Але ж нават калі гэта і так, то, як вядома, у кожным жарце ёсьць доля ісьціны – а мы дададзім, што і ў кожнай гульні (хай сабе і надта вясёлай) ёсьць пэўная доля “сур’ёзу”.
Варта таксама дадаць, што высілкі чытача па “дэшыфроўцы” многіх мадэрнісцкіх твораў, па “разгадваньні” іх цьмяных вобразаў і сімвалаў нярэдка ня маюць сэнсу ня толькі па той прычыне, што часам гэтыя “гульні розуму” ўвогуле практычна немагчыма разгадаць (прычым нават многім людзям з шырокай эрудыцыяй і высокім інтэлектам!). Справа яшчэ і ў тым, што часам і сам аўтар не ўсьведамляе сэнс і магчымае прызначэньне напісанага твору, а калі і ўкладвае ў яго нейкі сэнс, то зусім неабавязкова, што апошні супадзе з высновамі “дэшыфроўшчыка” – літаратурнага крытыка ці звычайнага чытача. Таму ўяўляецца даволі слушнай выснова, зафіксаваная ў прынятай на ХІІІ Міжнародным кангрэсе па эстэтыцы (1995 г.) сьпецыяльнай дэкларацыі: “Той або іншы прадмет зьяўляецца прадметам мастацтва, калі ў якасьці такога яго (акрамя аўтара), ацэньвае хаця б адзін чалавек”.
Таму калі хтосьці лічыць вышэйпрыведзеныя тэксты ўзорамі высокай паэзіі (натуральна, што я іх увогуле не лічу творамі паэтычнага мастацтва), то на гэта яны, безумоўна, маюць поўнае права – як гаворыцца, колькі людзей, столькі і меркаваньняў. Але тут ёсьць некалькі невялічкіх нюансаў: па-першае, літаратурны крытык/чытач/глядач у сваіх ацэнках павінен быць (па мажлівасьці) максімальна шчырым і не “падыгрываць” пры гэтым творцам, нават калі яны зьяўляюцца ягонымі сябрамі, сваякамі. А па-другое, пажадана каб “ацэншчык” таго ці іншага опусу быў у стане зразумела растлумачыць, чаму і на якой падставе ён успрымае дадзены артэфакт (верш, апавяданьне, карціну, песьню і інш.) як сапраўдны твор мастацтва.
У цэлым жа можна вобразна сказаць, што бальшыня твораў сучасных паэтаў-мадэрністаў спачатку ўзьнікаюць перад вачыма (пры іх чытаньні), але вельмі хутка, нібы мыльныя бурбалкі, і зьнікаюць, не пакідаючы практычна ніякага сьледу ў душы і сэрцы (акрамя хіба пачуцьця “расчараваньня” і дарэмна патрачанага часу). Гэтыя вершы прызначаныя, відаць, для “ўнутранага” карыстаньня ў межах адносна невялікай супольнасьці людзей – г. зн. для самога паэта і тых, хто зацята прытрымліваецца ідэі аб немагчымасьці і непатрэбнасьці вытлумачэньня паэтычных твораў. Напрыклад, менавіта такую пазіцыю займае вядомы беларускі эсэіст і тэарэтык постмадэрнізму Валянцін Акудовіч. Ён у цыкле прачытаных у Беларускім Калегіюме лекцыяў пад агульнай назвай “Уводзіны ў новую літаратурную сітуацыю” сьцьвярджае, што ў эпоху постмадэрну тэкст выяўляецца толькі наяўнасьцю тэксту і эстэтычнымі вартасьцямі адносна самога сябе, а ня нейкіх вонкавых сістэмных крытэрыяў, фармальных у тым ліку” (Гл.: Акудовіч В. разбурыць парыж. – Мн., 2004. – С.257). І далей думка пра тое, што (з пункту гледжаньня постмадэрнізму) ўся літаратура – гэта бясконцая вербальна-інтэлігібельная гульня, прычым “якім бы сур’ёзным, праблематычным ці сацыяльна вострым ні імкнуўся быць тэкст, ён толькі забаўка, што па сутнасьці нічым ня розьніцца ад розных гульняў у словы, якімі студэнты бавяцца падчас адкрытых лекцыяў” (С.291). Тут практычна цалкам паўтараецца меркаваньне заснавальніка і лідэра дадаізму французска-румынскага паэта Трыстана Тцара, які яшчэ ў 1918 г. у адмысловым “Маніфесьце дада” пісаў, што “мастацтва ёсьць прыватнай рэччу, мастак робіць яго для сябе”; што “крытыка ёсьць бессэнсоўнай, яна існуе толькі суб’ектыўна…”
Вядома, любая крытыка суб’ектыўная, паколькі адлюстроўвае пункт погляду канкрэтнага аўтара. Аднак што датычыцца сапраўдных твораў мастацтва, то яны, на мой погляд, ня могуць быць толькі прыватнай рэччу самога аўтара. Вартасьць любога створанага тэксту ніколі ня можа заключацца выключна ў самім тэксьце, таму што, па-першае, сам тэкст (гаворачы жартоўна-утрыравана) натуральна ня можа ацэньваць эстэтычныя вартасьці самога сябе, бо ён не зьяўляецца жывой істотай, а па-другое, любы від мастацтва зьяўляецца своеасаблівым дыялогам творцы са сьветам і з людзьмі ў гэтым сьвеце. Інакш кажучы, твор сапраўднага “жывога” мастацтва на працягу практычна ўсёй гісторыі чалавецтва (прынамсі, да наступленьня “эпохі постмадэрнізму”) па сутнасьці ўяўляў сабой кандэнсаваны вынік “сутворчасьці” канкрэтнага стваральніка і ўсёй навакольнай прасторы – грамадскай і прыроднай. Пры гэтым, чым больш таленавітым быў мастацкі твор – верш, паэма, карціна і інш. – тым, адпаведна, больш ён “уцягваў” у сябе, нібы магутны вір, разнастайных феноменаў прыроднага, грамадскага і індывідуальнага жыцьця. Зразумела, што апошнія “ўцягваліся” ў тканіну артэфакта культуры не наўпрост, а праходзілі складаны працэс іх трансфармацыі творчай фантазіяй мастака і выяўляліся ў самабытных, сьвежых вобразах і думках.
Такім чынам, мастацкі твор – гэта ў канчатковым выніку адмысловы “дыялог у квадраце”, паколькі мастак спачатку нібы вядзе бясконцы ўнутраны дыялог са сьветам і з самім сабой, а потым, пасьля напісаньня і апублікаваньня свайго “дзецішча”, ён пачынае ўступаць ужо ў дыялог з чытачамі, слухачамі. Прычым для любога мастака, улічваючы “публічнасьць” яго творчасьці, ва ўсе часы зьяўлялася важнай т.зв. “адваротная сувязь” – рэакцыя (пазітыўная ці негатыўная) зацікаўленых асобаў на яго творчыя зьдзяйсьненьні. Найгоршай для творцаў была сітуацыя, калі яго опусы не выклікалі ніякай рэакцыі, пакідалі людзей абыякавымі. Тады аўтар натуральным чынам задумваўся, што ён зрабіў ня так, як трэба напісаць, каб выклікаць пэўныя пачуцьці і эмоцыі ў “спажывальнікаў” мастацтва; а ў крайнім выпадку творца мог задумацца і аб недахопе ўласнага таленту і ўрэшце рэшт адмовіцца ад такой “нікому не цікавай і не патрэбнай” уласнай творчасьці.
Зусім іншая сітуацыя пачала складвацца ў другой палове ХХ ст., калі ўзьнік і пачаў “набіраць абароты” постмадэрнізм. У рэчышчы гэтага напрамку мастацтва пачало разглядацца ня як “дыялагічная сутворчасьць”, а як неспынная татальная гульня з усім, з чым толькі можна гуляць – з чужымі ці сваімі словамі, вобразамі, думкамі, рознымі стылямі, кірункамі, з чытачамі, гледачамі, нарэшце, з самімі сабой… Таму для постмадэрністаў стала, бадай, зусім няважным, што ты хочаш сказаць сьвету, чым з ім “падзяліцца”, якія арыгінальныя думкі выказаць, якія выявіць эмоцыі і пачуцьці і г.д.
Відаць, сучасныя творцы-мадэрністы ў большасьці выпадкаў сталі надзвычайнымі эгацэнтрыстамі (а часам і яўнымі мізантропамі) і цяпер для іх галоўнай застаецца такая арыентацыя: вось гэты твор (хай сабе і бязглузды, бяздарны!) напісаў менавіта “Я”, і пры гэтым “Я” атрымаў ад сваёй гульні-забаўкі (хай сабе і бессэнсоўнай!) поўнае/частковае задавальненьне/асалоду/аргазм і да т.п. У выпадках, калі маральна-этычны і эстэтычны рэлятывізм канкрэтнага творцы дасягае свайго апагею (“А мне напляваць на ўсё і на ўсіх у гэтым сьвеце”!), ён мае адпаведныя падставы на поўным сур’ёзе лічыць, не зважаючы ні на чые нават пераканаўчыя меркаваньні, любую сваю “пісаніну/мазню” сапраўднымі шэдэўрамі, геніяльнымі творамі. Ну што ж, як кажуць, дайшлі да ручкі, дагуляліся!
У той жа час, у адрозьненьне ад вышэйпрыведзеных узораў постмадэрнісцкага вершаскладаньня, многія творы выдатных беларускіх паэтаў практычна заўсёды даволі моцна ўзьдзейнічаюць на розум і эмоцыі чытачоў. І дасягаецца падобнае, нярэдка ачышчальнае (узгадаем успрыманьне мастацтва ў Старажытнай Грэцыі як працэсу катарсісу) ўзьдзеяньне ня штучна выдуманымі вобразамі, няўцямнымі словазлучэньнямі, ня “сьцёбнымі” выказваньнямі, а здавалася б, самымі простымі сродкамі мастацкай выразнасьці – звычайнымі словамі, арганічнымі зьместу твору метафарамі, традыцыйнымі строфамі, нязмушанымі рыфмамі. Асабліва добра гэта бачна на прыкладзе ціхай і надзвычай мілагучнай паэзіі Генадзя Бураўкіна, у някідкіх на першы погляд творах якога ёсьць усё неабходнае сапраўднаму паэту – і паэтычная натхнёнасьць (падмацаваная адпаведным майстэрствам), і далікатнасьць, тонкасьць, шчырасьць пачуцьцяў, і глыбіня “роздумаў з дапамогай вобразаў”, і непахісная грамадзянская пазіцыя…
А зараз трошкі пра суадносіны паміж постмадэрнізмам і рэалізмам. Адзін з перакананых постмадэрністаў, якога, відаць, можна было б назваць лідэрам “брутальнай плыні” (з-за наяўнасьці ў яго творах мноства абразьлівых, ненарматыўных словаў) ў мадэрнісцкай паэзіі, выказвае наступныя меркаваньні. Спачатку ён адзначае, што “файна будаваць уласны сьветапогляд паводле прынцыпаў “Маральнага кодэксу прыхільніка постмадэрнізму”, і далей разважае пра “перакручаную савецкую сьвядомасьць”, пра “безгустоўнасьць апалагетаў афіцыйнага нібыта беларускага мастацтва” і да т.п. І ў канцы даецца Post Scriptum, у якім ёсьць наступная безапеляцыйна-самаўпэўненая выснова: “Гэта кніга ёсьць апошні мэталёвы цьвік, якім я прыбіў соцрэалізм да крыжа беларускае паэзіі” (Гл: Гумянюк Ю. Твар Тутанхамона”. – Полацак, 1994. С.50).
Але мне здаецца, што каб канчаткова “прыбіць сацрэалізм”, ня хопіць высілкаў і таленту ня толькі аднаго сп. Гуменюка, але і ўсіх сучасных мадэрністаў разам узятых. Бо ў эпоху “сацрэалістычнага мастацтва” ў галіне літаратуры было створана нямала сапраўдных шэдэўраў (хаця з-за ідэалагічных абмежаваньняў і ўсюдыснай цэнзуры шмат было і “літаратурнага шлаку”), якія прайшлі праверку Часам і да якіх – як да своеасаблівых крыніцаў дабра, чысьціні і хараства – яшчэ і зараз часам хочацца вяртацца, перачытваць, пераасэнсоўваць. Асабліва зацятым крытыкам “сацрэалізму” ў мастацтве хацелася б параіць уважліва прачытаць грунтоўную кнігу аднаго сучаснага расійскага літаратуразнаўца і пісьменьніка, у якой ён паспрабаваў усебакова і непрадузята апісаць усе вартасьці і недахопы тагачаснага мастацтва ў кантэксьце савецкай і сусьветнай гісторыі (Гл.: Борев Ю. Социалистический реализм. Взгляд современника и современный взгляд. М., 2008. 480 с.). Увогуле, як ні парадаксальна, постмадэрнізм, паводле меркаваньня культуролага М. Эпштэйна, падобны на сацыялістычны рэалізм тым, што “абвяшчае сябе апошняй умяшчальняй усяго, што калісьці намячалася і разгортвалася ў гісторыі”…
***
Завяршаючы разгляд мастацкай практыкі айчыннага літаратурнага мадэрнізму, хацелася б (у выглядзе кароткага рэзюмэ) сказаць, што нягледзячы на ўсе яго недахопы, ён яшчэ мае пэўныя патэнцыйныя магчымасьці для далейшага разьвіцьця. А характар апошняга будзе ў значнай ступені залежаць ад таго, ці ўдасца найбольш таленавітым творцам паўней раскрыць свой патэнцыял і ці ўступяць у бліжэйшай персьпектыве ў шэрагі постмадэрністаў новыя цікавыя (магчыма, больш адораныя, чым “старыя”) аўтары. Някепскія вынікі для айчыннай літаратуры маглі б, на мой погляд, прынесьці спробы мадэрністаў сумясьціць у сваёй творчасьці розныя мастацкія практыкі, кірункі (у тым ліку і традыцыйныя для нашага прыгожага пістменства), ці ўвогуле перайсьці з паэзіі на прозу і драматургію, што, між іншым, ужо і зрабілі некаторыя здольныя творцы.
А ў цэлым хацелася б спадзявацца, што ў будучым, па меры магчымага (але, відаць, малаверагоднага) “выздараўленьня” грамадства і “пераплаўкі чалавека” (выраз належыць Л.Выгоцкаму), на зьмену хваравітаму калі-небудзь прыйдзе выкшталцонае здаровае мастацтва. На мой погляд, у будучым – у выніку непазьбежнага нарастаньня стомы чытачоў/гледачоў/слухачоў ад татальнай гульні і ўсялякіх “вычварэньняў” постмадэрнісцкага мастацтва – павінна вярнуцца своеасаблівая мода на “нова-гуманістычную літаратуру”, творы якой па-майстэрску будуць апісваць і адначасна ўзбуджаць разнастайныя эмоцыі і пачуцьці больш дасканалага і высокаразьвітага “новага чалавека”. І ў гэтым кантэксьце можна лічыць невыпадковым, што яшчэ каля паўстагоддзя таму выдатны расейска-амерыканскі сацыёлаг Піцірым Сарокін – падкрэсьліваў, што нягледзячы на ўсе крызісныя зьявы ў сусьветным мастацтве, тым ня менш ўсё-такі яшчэ захоўваецца надзея на тое, што ў будучым “ісьціна, дабро і прыгажосьць зноў аб’яднаюцца ў вышэйшую трыяду каштоўнасьцей, што раскрывае ўсё больш і больш поўна таямніцы Вышэйшай Рэальнасьці і аддана служыць чалавецтву ў яго творчай місіі на гэтай планеце і за яе межамі” (Сорокин П.А. Главные тенденции нашего времени. М., 1997. 351 с.).
P.S.
Усё сказанае ў гэтым артыкуле безумоўна зьяўляецца суб’ектыўным поглядам аўтара на агульны стан і сьпецыфіку разьвіцьця літаратурнага мадэрнізму ў сёньняшняй Беларусі. Прапанаваны чытачам матэрыял можа разглядацца (ў залежнасьці ад іх пункту гледжаньня) ці то як вострая крытыка мадэрністаў, ці то як іх ухвала і бясплатная ім рэклама, ці то нават як своеасаблівая (мадэрновая?) гульня. Падкрэсьлім яшчэ толькі тое, што, па-першае, аўтар ніколі ня быў постмадэрністам (і ніколі не хацеў бы ім быць!), а па-другое, імкнуўся як мага больш шчыра і ўзважана выказаць свае думкі. І таму хацелася б завяршыць гэтыя нататкі невялікай усходняй прытчай: “Аднойчы Майстар сказаў сваім вучням: “У сьвеце няма абсалютнай ісьціны”. Адзін з вучняў спытаў: “А гэтая ісьціна абсалютная?”. “Вядома, не”, – усьміхнуўся Майстар…”