_____________________ Закаханы ў неба свабоднае край. Вершы |
* * *
Край стаіўся ў пятлі насьцярожаных межаў.
Поўня вызірне з хмар і зашморгне пятлю.
Серабрыстыя фаласы сіласных вежаў,
закаханыя ў неба, бясьсіляць зямлю.
Край, дзе човен сумуе, да выспы прыпаўшы,
дзе дажджы, нібы ў жорны, цярусяцца ў вір,
дзе каровы ступаюць, рыкаючы, з пашы,
а паэты ідуць спадцішка ў манастыр.
Там людское жыцьцё – рэпетыцыя сьмерці.
Край, у венах якога блакітная кроў, —
арытмічнай Еўропы старой перадсэрдзе, —
удыхнуў наркату азіяцкіх вятроў.
Край, дзе люд паспаліты хаўтуры, як сьвята,
адзначае, дарма, што ў душы – тарарам.
Дзе ня можа ніяк – увесьчасна занята –
дазваніцца да Бога адноўлены храм…
Не зялёны валун, што бакі паадлежаў,
і ня бусел, што ў Афрыцы вынайшаў рай,
серабрыстыя фаласы сіласных вежаў –
вось твой сымбаль, заціснуты зашмаргай межаў,
закаханы у неба свабоднае Край!
2002, Менск
* * *
Аляксею Марачкіну
Мастакі – падгасподнікі Бога.
На паддашках іх хата і схоў,
дзе сваячкай вясёлкі – падлога,
дзе збаўленьне ад земных грахоў.
У майстэрнях у іх паднябесных,
дзе тварыліся цуды шматкроць,
Ты пашлі ім высокую бессань
і ў чало пацалуй іх, Гасподзь.
Блаславі і заданьне ім вызнач,
нездарма ж багамазы яны.
Уздыхне жаўтавокая Сьвіслач
і навяжа чаўны-маўчуны.
І мастак, што ня ведаў паклону
на чужой іншамоўнай імшы,
здасца сам у палон Апалону
і вясёлку дастане з душы.
А станцуе прамень на мальберце,
і прыдрэмле мастак, каб сасьніць,
што касой, адабранай у сьмерці,
добра ў лузе атаву касіць!
2002, Дзярэчын
* * *
Дождж да мора бег наўскасы,
выдма бегчы наўпрост не давала.
Мора шаблю Куршскай касы
ў хвалях пеністых гартавала.
Вецер выцерся аб туман.
Блякнуў сьвет. Разышліся двое.
Наўздагон ім стары каштан
трос калючаю булавою.
2001, Нідза
|