_____________________ Гульня ў класіку... |
Нягледзячы ні на што, мне падабаецца быць крытыкам. Сёньня, і беларускім. 3 аднаго боку — выхаваная філфакам, з яго гераічна-грунтоўнымі выкладчыкамі-універсалістамі, пачцівасьць да фундаментальных ведаў і акадэмічнага літаратура-знаўства. 3 другога — магчымасьць рэалізаваць экстравагантнасьць (паводле іншых меркаваньняў — “дапытлівасьць”) натуры ў духу і стылістыцы эпохі...
У грамадскай сьвядомасьці паняцьце “класік” суадносіцца з постацьцю пісьменьніка (мастака, кампазітара, рэжысёра і г.д.) і ніяк не стасуецца са словам “крытык”. У апошняга застаецца шанц стаць віртуозам гульні ў класіка(у). Як, зрэшты, і ў любога чытача “Дзеяслова”. Гуляйма разам! (У якасьці музычнага суправаджэньня прапаную класічную кампазіцыю гурта “Quееn” з задумліва-жыцьцесьцьвярджальным рэфрэнам “We аrе the сhamрions!”)
Анатолий АНДРЕЕВ.
Лёгкий мужской роман.
“Нёман”, 2001, № 9.
Аўтар “Лёгкага мужчынскага раману”, па ўсім, наважыўся перайсьці да мастацкай практыкі пасьля таго, як абазнанасьць у тэорыі літаратуры дасягнула пэўнай “крытычнай масы”. Доктар філалагічных навук, прафесар Анатоль Андрэеў прапанаваў “нёманскаму” (і аўтаматычна — “інтэрнэтаўскаму”, бо з часопісам можна (было?) пазнаёміцца і ў гэткім фармаце) чытачу жыцьцяпіс спадара з нявысьветленым прозьвішчам і “анегінскім” імем Яўгеній Мікалаевіч. Апошняе падазрэньне небеспадстаўнае, бо ў творы час ад часу ўсплываюць алюзіі і рэмінісцэнцыі з пушкінскага “раману ў вершах”. У галоўным героі А. Андрэева (складальнікі бібліятэчных каталогаў — аглядаў новых паступленьняў несправядліва кваліфікавалі гэты персанаж як “састарэлага лавеласа”) пры жаданьні можна разгледзець “ін-карнацыю” анегінскага духу...
Наогул, “Лёгкі мужчынскі раман” задаволіць (часткова) аматараў літаратурнай эротыкі — “сьмелай” ці “разбэшчанай”, вырашаць вам у працэсе знаёмства са шматлікімі Люськамі Яўгенія Мікалаевіча, якому лёсіла мець “лірычныя зносіны” пераважна з уладальніцамі гэтага імя (іх, па-мойму, было к а л я 15). Задавальненне (частковае) атрымаюць і аўтаравы калегі-філолагі, бо ня змогуць не аца-ніць выверанасьці раманнай структуры, ускладнёнай “Правінцыйнай гісторыяй” (дзе Яўгеній Мікалаевіч фігуруе як Жэнька), разнастайнасьцю прыёмаў псіхалагізацыі персанажаў і г.д. Затое па поўнай праграме атрымаюць асалоду прыхільнікі стыльнай прозы: крыху іроніі, драбок багемнага снабізму, удосталь “жыцьцёвай філасофіі” (рознаўзроставай і рознакласавай) і процьма моўна выяўленчых знаходак.
Мне даводзіцца чуць многа прыватных водгукаў на “Лёгкі мужчынскі раман”. У студэнтак-філолагаў ён карыстаецца шумным попытам. Выкладчыкі з рознаю доляю рашучасьці абмяркоўваюць то постмадэрнісцкасьць, то неарэалістычнасьць твора. Выкладчыцы вывучаюць тэкст з падазронасьцю, з якой, відаць, сьціплая амерыканская буржуазія разьбіралася ў раманах Генры Мілера (хаця каму, як ня ім, выкладчыцам, яшчэ ведаць пра наяўнасьць дыстанцыі паміж аўтарам і апавядальнікам).
Палярнасьць успрыняцьцяў і ацэнак стварае вакол рамана атмасьферу інтрыгі. Грунтоўным чытачам раю па-пярэдне праштудзіраваць кнігу А. Анд-рэева “Целостный анализ литературного произведения”, — тады ў “Лёгкім мужчынскім рамане” дакладна адкрываецца бездань “нелетуценных” сэнсаў.
Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ.
Сьвятло ў акне.
Вершы. — Мн., “Юнацтва”, 2002.
На радзіме няспынна мацуюцца бастыёны самотнай паэзіі і шчыльнеюць шэрагі яе мужных рыцараў.
Шкада, што чарговы зборнік паэзіі Навума Гальпяровіча выйшаў у выдавецтве “Юнацтва”: пэўна, частку вершаў аўтару, пасьля працяглай і няроўнай барацьбы з вечна маладымі і бясконца аптымістычнымі рэдактарамі, давялося зьняць, каб не азмрочваць “песімізмам” мары пра хуткую і сьветлую будучыню “дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту” (а менавіта ім адрасаваная кніга).
“Сьвятло ў акне” — годны працяг паэтавай “Струны” (І997). Каштоўнасьць абодвух згаданых зборнікаў, безумоўна, не вычэрпваецца іх “эле-гічным” патэнцыялам — хаця, мяркую, яны здольныя ўзрушыць (прэч, іронія!) самага чэрствага штукара-авангардыста. Так, апошняя па часе кніга, што складаецца з трох раздзелаў — “Скарб”, “Акварэлі”, “Сьвятло ў акне”, — зьмяшчае выдатныя ўзоры пейзаж най лірыкі/ “Вечар. Вечнасьць. Трывога надзеі. // Небу роўная вышыня. // Вера выраю — // Верацеі. // Чара-дзейная дабрыня”/ (“Верацеі”) з гукапісам (алітэрацыяй на “р”), які проста павінен быць уключаны ў чарговае выданьне “Паэтычнага слоўніка” В. П. Рагойшы.
У зборніку выразна дамінуе медытатыўнасьць — і як лірычны жанр, і як адметная рыса паэтычнага сьветаадчуваньня, мастацкага мысленьня. Яна працінае філасофскія і інтымныя вершы, вызначае сьпецыфічнасьць грамадзянскай паэзіі Н. Гальпяровіча (верш “Жабрачку бачыў: у метро хадзіла”). Часам гэтую медытатыўнасьць можна прыняць за дэкадэнцтва (“Аддамся самотнаму мігу...”, “Із-ноў цягнік памкнуўся на Парыж...”, “На востраве душы маёй зіма...” і інш.). Хаця менавіта яна, спрыяючы паэтавай: “высокай зайздрасьці” да “птушак, аблокаў і рыб” (“Без учора не будзе і заўтра”), зводзіць да мінімуму дыдактычныя інтанацыі і рытарычныя воклічы (якія, аднак, дзе-нідзе прабліскваюць: / “Сябры мае! Я веру ў вас, // Я вас абараніць гатовы //Ад злых учынкаў, злога слова, // Ад сівізны ў галавах/ (вылучана, бо не зразумета мною. — І. Ш.)” (з верша “***А мне баліць чужы спадман...”).
Аматары (а таксама змушаныя палоньнікі) шляхоў і цягнікоў будуць самымі ўдзячнымі чытачамі “Сьвятла ў акне”: згаданыя вобразы — лейтматыўныя ў зборніку / “Перавернута неба, // і вада, і зямля. // Тут спяшацца не трэба, // Калі згублены шлях” (“Балота”): “...Гэта дзіўны цягнік, таямнічы, як сон, // Калі хочаш прачнуцца, але яшчэ спіш” (“***Толькі шклянка ўначы задрыжыць на стале...”). (Дарэчы, прыхільнікам прозы наталіць прагу бадзяжніцтва-вандроўніцтва дапаможа кніга эсэ таго ж Н. Гальпяровіча “Шляхі і вяртаньні” — Мн.: “Бібліятэка часопіса “Маладосць”, 2001, № 4). Свайго”сьветлага дня” дачакаліся і тыя, хто ўлюбёны ў слова “заўжды” — “Сьвятло ў акне” ў гэтым сэнсе сапраўдны “кландайк”: “...Яму сказаў ён: — Ты заўжды чужы // і будзеш тут чужым для ўсіх навек. //(...) Тады ўступіў у справу востры корд, // Каб назаўжды спыніць чужому час” (“Балада пра чужога”); “Ты заўжды ўва мне — жыцьцё і воля, // Як туман, як талыя сьнягі, // Ты заўжды! Бо без цябе ніколі // Не пазбыцца мне маёй тугі” (“***Сівізна сярод густой лістоты...”). Усё-ткі ёсьць альтэрнатыва няпэўнай самоце і безаблічнаму fоrеvег!
Калі адкінуць неадольную цягу да анатаміраваньня паэзіі (выдаткі прафесіі), адкрыецца відавочнае: у Навума Гальпяровіча — адметны паэтычны голас, што вабіць, менавіта, сваёю неманатоннасьцю, рознасьцю інтанацыяў, абяцаньнем прытулку, — як сьвятло ў акне.
Алена БРАВА.
Бязьлітасны мой воін.
Аповесьць. “Крыніца”, 2001, № 9.
Беларускія празаікі ўпарта не радуюць аматараў “шчасьлівай” літаратуры” А чаму б ня зьлітасьцівіцца з тых, хто прагне ўцёкаў у сьвет ідэальна-рамантычнага каханьня, дзе ўсе мітрэнгі і згрызоты непазьбежна ўзнагароджваюцца hарpy end’ам ці, у горшым выпадку, “высокімі адносінамі”?!
Аповесьць Алены Брава — тонкая і пакутлівая (у сваёй прадвызначанасьці гісторыя каханьня Яе да Яго). Аднак у творы няма звыклай “гісторыі” — з завязкай, кульмінацыяй і разьвязкай. “Рэальныя” падзеі рэканструююцца — постфактум — з Яе няўлоўных сноў (у якіх раствараецца ява), з Яе вершаў, з урыўкаў (пры першым набліжэньні — бязладных) рэчаіснасьці, населеных не людзьмі, а “плямамі”. Сюжэт немагчыма п е р а- к а з а ц ь, бо атрымліваецца трывіяльны для сучаснай літаратуры набор элементаў: псіхіятрычная лячэбніца з нязьменным доктарам (тут — Юркеві-чам), што корпаецца ў чужых снах; дзёньнік (тут — сіні сшытак) як “гісторыя хваробы”, прыватны апакаліпсіс як непазьбежны фінал.
Але ў тым і справа, што ў аповесьці “Бязьлітасны мой воін” няма банальнасьці альбо штучнасьці, альбо наўмыснасьці пачуцьцяў. Кожны чытач змушаны складваць свой варыянт аповеду з Яе адчуваньняў, абрыўкаў нечыіх дыялогаў, абломкаў Яе і Яго жыцьцяў. Не ўпэўненая, што нават атмасьферу такога, “упарадкаванага”, варыянту можна будзе адэкватна ўз-навіць — і ня страціць эмацыйнай пранізьлівасьці аўтарскага стылю, не парушыць крохкай раўнавагі своеасаблі-вага “прозіметруму”, дзе проза неаддзельная ад паэзіі і ўжо немагчымая без яе.
І ўсё ж добра, калі ўзважыць цьвяроза, што беларускіх празаікаў не вабяць персьпектывы “шчасьліва-ружовай” літаратуры, — аднымі цукеркамі сыты ня будзеш.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ. Старасьвецкія міфы гораду Б’.
Бібліятэчка часопіса
“Куфэрак Віленшчыны”,
№ 3, Маладэчна, 2002.
Гэтая кніга — узор “міфацэнтрычнай” літаратуры, калі хочаце, яе трыумф (і ў маштабе творчасьці самога аўтара, і суадносна з набыткамі тако-га кшталту ў айчынным прыгожым пісь-менстве наогул).
Непаэтычны плён Л. Рублеўскай (апавяданьні, аповесьці, артыкулы, рэцэнзіі), як, зрэшты, і паэзія, выразна дэманструюць аўтарскую цікавасьць да быцьця міфу (назіраньні за “міфапаэтыкаю” ў сучаснай беларускай літаратуры, развагі над феноменам аўтаміфалагізацыі і г.д.) і абазнанасьць у міфалогіі (прынамсі, еўрапейскай).
“Старасьвецкія міфы гораду Б’” — гульня з “класікаю” (першапачаткова паняцьце класічнасьці асацыявалася выключна са спадчынаю старажытных Грэцыі ды Рыму), што не пераходзіць у гвалт над ёю. Дванаццаць аповедаў ня проста “ўпрыгожаныя” эпіграфам — кароткім пераказам старажытнагрэцкага міфу: ён выконвае яшчэ і фабульную ролю (пазначае сюжэтную схему), а таксама функцыю “сігналу”, што абвяшчае пра пачатак гульні, наяўнасьць самой гульнёвай сітуацыі паміж “сучаснаю” і антычнаю старасьвеччынай (калі ўявіць, што “эпоха багоў” прыкладна гэтак жа ўспрымалася “эпохаю класікі”). Напрыклад, намаганьні Стася Гарбузака (“сына ўладальніка піваварні гораду Б’) уратаваць Ксеню Чычаловіч з “абдоймаў вар’яцкага і таямнічага сьвету Мельпамены” па сутнасьці ня менш заслугоўваюць вечнасьці, чым мужнасьць Арфея, што спусьціўся ў царства Аіда па Эўрыдыку (аповед “Арфей і Эўрыдыка”).
Аўтар “Старасьвецкіх міфаў...” пазычае ў антычнасьці міфалагему (у англа-амерыканскім літаратуразнаўстве тэрмін mythemе пазначае сьвядомае выкарыстаньне міфалагічных схемаў, сюжэтаў, матываў і да т.п.), але не трапляе ў палон стылізацыі (ні пад “класічную”, ні пад “сучасную” старасьвеччыну). Чытач мае справу з арыгінальнай, нованароджанай мастацкай міфалогіяй, на “пераканаўчасьць” якой наўрад ці паўплываюць асобныя нестасункі з гісторыка-культурнай дакладнасьцю. Так, аповеду “Юпітэр і Семела” папярэднічае пераказ “старажытнагрэцкага міфу”:
“Аднойчы Юпітэр пакахаў зямную прыгажуню Семелу. Па намове раўні-вай жонкі Юпітэра Юноны Семела папрасіла, каб каханы паказаўся ва ўсім бляску боскай славы. Невыноснае для зямных вачэй відовішча забі-ла Семелу”.
Старажытныя грэкі, натуральна, аддалі б перавагу Зеўсу і Геры (пакінуўшы Юпітэра і Юнону рымлянам), але ж, паводле анатацыі да кнігі, перад намі “літаратурная гульня — і псіхалагічная проза”. Значыць, так трэба.
У любым выпадку. “Старасьвецкія міфы гораду Б’”, дзе аўтарава дасьведчанасьць у міфалогіі спалучаецца з тонкім досьціпам, яўна не для “аднаразовага” чытаньня, асабліва калі ўлі-чыць прысутнасьць антычнага міфалагічнага пантэону і верагоднасьць беларускага працягу.
Уладзімір ГНІЛАМЁДАЎ.
Ад даўніны да сучаснасьц:
Нарыс пра беларускую паэзію.
Мн., “Мастацкая літаратура”, 2001.
Дасьледаваньне паэзіі здаецца спра-ваю больш рызыкоўнаю, чым, напрыклад, дасьледаваньне прозы. Эфемерна-няўлоўны паэтычны вобраз нібыта і кашчунна перакладаць на мову паняцьцяў — паводле вядомага выказваньня, вершы, пераказаныя “прозаю”, ня ёсьць паэзія.
Чарговы раз даводзіцца канстатаваць, што ў жыцьці літаратуразнаўцы крытыка існуе месца для подзьвігу, бо ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы і навуковых выданьнях зьяўляюцца ўсё новыя і новыя артыкулы, прысьвечаныя асобным паэтам і цэлым пакаленьням, аднаму вершу і паэтычным накірункам...
У беларускім літаратурна-крытычным абсягу сёньня пераважае рэцэнзаваньне кніг і форма “штрыхоў да партрэту”, зрэдзьчас друкуюцца агляды паэзіі, звычайна абмежаваныя храналагічна (апошнія гады ці дзесяцігоддзе) і прасторава (паэты раёну альбо вобласьці; “часопісная” паэзія).
Кніга Уладзіміра Гніламёдава “Ад даўніны да сучаснасьці” вылучаецца на гэтым фоне — і безадносна да яго — панарамнасьцю дасьледчыцкага ахопу: ад станаўленьня паэтычнага сьветаўспрыманьня беларусаў (творчасьць Еўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага) да сучасных ідэйна-стылявых пошукаў. Аўтар акрэсьлівае “ня менш шасьці” мастацкіх плыняў у сучаснай беларускай паэзіі, у іх рэчышчы аналізуе творы Е. Лось, Я. Янішчыц, А. Грачанікава, К. Кірэенкі, Я. Сіпакова, Г. Бураўкіна, В. Зуёнка, М.Стральцова, Р. Барадуліна, А. Каско ды інш. Значная ўвага ўдзеленая паэзіі М. Танка, П. Панчанкі, А. Пысіна, У. Караткевіча, А. Куляшова.
Зазначым, што паэтычная творчасьць у кнізе-“нарысе” асэнсоўваецца не як ізаляваны феномен, а ў шырокім кантэксьце нацыянальнай культура-творчасьці (гл., напрыклад, разь-дзел “Вытокі”. Менталітэт. Характар традыцыяў”), у зваротнай персьпектыве агульнамастацкай стылявой парадыгмы (разьдзел “Паэзія і мадэрнізм”).
Стыль самога дасьледчыка адных расчаруе — адсутнасьцю экстравагантных канцэпцыяў, іранічных “максімаў” і тэрміналагічных наваротаў “а ля ракако”; другіх узрадуе — дакладнасьцю меркаваньняў, дэталёвасьцю і нясьпешнасьцю досьледу, нарэшце, з р а з у м е л а с ь ц ю (па сёньняшнім часе — ужо многа) для шырокай аўдыторыі.
У. Гніламёдаў завяршае “нарыс пра беларускую паэзію” аглядам творчасьці Алеся Разанава. “Сталі сталымі, — піша літаратуразнаўца у “Заключэньні” пра сёньняшнюю паэзію, — Л. Тарасюк, С. Басуматрава, А. Каско, М.Мятліцкі, Л. Галубовіч, У. Марук, Г. Булыка, А. Мінкін, I. Багдановіч, П. Шруб, Л. Дранько-Майсюк, А. Жыгуноў, В.Шніп, А. Канапелька, А. Жамойцін, С. Шах, Н. Гальпяровіч, М. Пракаповіч, Л. Рублеўская. Зьявіліся новыя імёны: Эдуард Акулін, Міхась Башлакоў, Анатоль і Васіль Дэбішы”.
Аўтарскае “сёньня” варта суадносіць з 1997—1998 гадамі (яны пазначаныя ў канцы тэксту). Таму паэтам-“адкрыць-цям” — адносна нядаўнім і найсьвяжэйшым, — давядзецца альбо чакаць працягу (“Ад даўніны да сучаснасьці”-2, “Ад даўніны да найноўшасьці”(?!)), альбо гадаваць свайго “тэарэтыка”. Дарэчы, ужо зараз беларуская паззія мае шанец займець уласнага Буало — падставы дзеля крохкай надзеі знойдзеце ва ўрыўках з паэмы Славаміра Адамовіча “Матрыца” (“Наша Ніва”, 28 чэрвеня 2002 году):
Гэй вы, каторыя назваліся паэты,
падбярыце жывоцікі,
падсушыце вусны
і раскажыце нам пра вашы
задачы і мэты
(пісьмова можна, а таксама вусна).
Кожнае “сёньня” заслугоўвае свайго “Буало”.
Фальклорна-этнаграфічная
і літаратурная спадчына
Рэчыцкага раёну.
Мн., ЛМФ “Нёман”, 2002.
3ьяўленне падобнага зборніка, нягледзячы на геграфічную лакальнасьць яго тэматычнага абсягу, варта вітаць як падзею агульнакультурнага маштабу, верагодны пачатак цэлага выдавецкага праекту.
Выхад кнігі ажыцьцёўлены за кошт сродкаў гарадскога і раённага выканкамаў Рэчыцы, пад патранажам Гомельскага дзяржаўнага універсітэту і аддзелаў культуры Рэчыцкага райвыканкаму і гарвыканкаму. Само выданьне можа лічыцца своеасаблівым “узорам жанру”.
Зьмест яго складаюць пераважна фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя на Рэчыцкім Палессі студэнтамі і выкладчыцай ГДУ імя Ф.Скарыны В. С. Новак. Уражвае прадуманасьць структуры зборніка, дзе прадстаўленая мясцовая сьпецыфіка каляндарна-абрадавай (разьдзелы “Зі-мовы цыкл”, “Веснавы цыкл”, “Летні цыкл” і сямейна-абрадавай (“Вясельле”, “Радзіны”, “Пахаваньне”) паэзіі, а таксама апісаньні рытуальных дзеяньняў і абрадаў, што спадарожнічалі важнейшым этапам беларускага народнага календара.
Даволі рэдка ў сучасных выданьнях падобнага кшталту сустракаюцца міфалагічныя запісы. Укладальнікі “Спадчыны Рэчыцкага раёну” здолелі рэпрэзентаваць сапраўдную (хоць і “мініяцюрную”) міфалогію — сістэму уяўленьняў і вераваньняў: тут і аповеды пра ўзьнікненьне сьвету і “паходжаньне” чалавека, і свая дэманалогія (“Русалкі, “Лясун”, “Ведзьма”, “Дамавік” ды інш.), апісаньні сакральных цэнтраў Дому і зьвязаных з імі абрадава-магічных дзеяньняў, звод прыкметаў і забаронаў, якія тычацца цяжарнасьці, вясельля, сьмерці.
Зборнік стаўся плёнам надзвычай карпатлівай працы цэлага калектыву: укладаньнем, сістэматызацыяй, навуковым рэдагаваньнем матэрыялаў займаліся І.Ф. Штэйнер і В. С. Новак (ім належаць і ўступныя артыкулы, што папярэднічаюць арыгінальным тэкстам): навуковым рэцэнзентам быў доктар філалагічных навук, прафесар К.П.Кабашнікаў, агульным рэдактарам — А.П. Кудравец...
У кнізе навуковая дакладнасьць, нават строгасьць (у атрыбуцыі і тэксталагічнай працы над фальклорна-этнаграфічнай спадчынай) суседнічае з мастацкай “цеплынёй”, асабліва адчувальнай у разьдзеле “Рэчыцкі літаратурны край”. У ім зьмешчаныя кароткія біяграфіі і нізкі вершаў У. Верамейчыка, М. Грамыкі, Н. Чарнейкі, У. Ліп-скага, В. Коўтун, В. Ярца, А. Сыса, Н. Ту-лупавай, К. Севярынца, апавяданьне І.Навуменкі.
Густоўна аформленая, прафесійна падрыхтаваная “Фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Рэчыцкага раёну” ніяк не стасуецца з нашымі стэрэатыпамі аб “духоўным жыцьці правінцыі”: раптам у кроплі роднасьці адкрываецца сусьвет, і ўжо ты сам — чалавек-аркестр і чалавек-сьвята, першаадкрывальнік простай радасьці — б ы ц ь.
Уладзімір НЯКЛЯЕЎ.
Прага. Аповесьць.
“Полымя”, 2001, № 12.
Бізнэсоўцы дарэмна не чытаюць часопіс “Полымя” (як, напэўна, і “Нёман”, “Крыніцу”, “Маладосць”” еtс.). Іначай яны ведалі б, што пісьменьнікі не забыліся пра такую важную адзнаку сапраў днай літаратуры, як народнасьць, і самааддана ствараюць галерэю вобразаў сучасьнікаў. Далёка не апошняе месца ў ёй займае зьбіральны вобраз сёньняшняга “дзелавога чалавека”. Праблема ў тым, ці можа згаданы вобраз — гіпатэтычна — спадабацца прататыпам.
Цэнтральны персанаж аповесьці У.Някляева “Прага” — бізнэсовец Андрэй Брызін — атрымаўся жывым і “жыцьцёвым”. Постаць не агідная, але і не гераічная: бацька дарослай дачкі, выпівоха (трымаецца ў межах адноснай прыстойнасьці), аматар жанчын (абцяжараны жонкаю і палюбоўніцаю). Пачатак твору захапляе лёгкасьцю стылю, выдатным пачуцьцём гумару, густоўнай іроніяй аўтара. Па меры разгортваньня аповяду, калі адкрываюцца страшныя тайны (бабуля спавядаецца ўнучцы, вяртаецца мінулае і выстаўляе Брызіну рахункі), пачынаеш верыць, што ў кожнай сям’і — свая “санта-барбара”.
Фінал аповесьці трагічны, і выпісаны ў мастацкіх адносінах пераканаўча (быццам бы), і катарсіс, здаецца, немінучы... Але эмацыйная напружанасьць, у якой аўтар трымаў чытача напрацягу ўсяго аповеду, кудысьці зьнікае — і “жыцьцё” становіцца “літаратураю”. Андрэй Брызін спустошаны — амаль ва ўсіх адносінах банкрот, але з прывіднаю надзеяй на маральнае аднаўленьне.
Паняцьце “станоўчы герой” сёньня ўсё больш рэлятывізуецца. Напрыклад, бізнэсовец Брызін для прататыпаў — недастаткова “канкрэтны”, а для дойлідаў “нованародніцтва” — гнілы тып і сімвал амаральнасьці.
Горай за ўсё аўтару (а пасьля яго — крытыку): усім жа не дагодзіш!..
|