_____________________ З кнігі "Крэйдавае кола" |
Водгульле
Мне здалося: ты сталася мною.
Сьвіслач плыла нам з левага боку.
Маім голасам ты сказала, што любіш
Ісьці, калі ёсьць выразная мэта.
Ценем маім быў жаль віславокі.
Вісла плыла нам з правага боку.
Мне здалося: я стаўся табою.
І я чуў, як ты, не сказаўшы, сказала,
Што любіш ісьці бязмэтна са мною.
Над Бельскам адкрылася
неба Стажараў.
* * *
Шэрая гадзіна. Вочы ў вочы.
Два анёлы ўжо без крылаў.
Дзьве душы… Ах, Госпадзе, памілуй!
Міласьці нябеснай і тартарскай змрочы.
Бачаць ўсё праз вечнасьці вакно.
Чуюць ўсё і ўсіх, бо ж не іначай.
Іх жа — аніхто ня бача,
Двух анёлаў – смутку і яснот.
Тысячы гадоў так, як адзін прасьцяг.
Дзьве душы, анёлы два ў нірване
Марна сузіраюць марнасьці жыцьця –
Гэта я і ты ў адлюстраваньні.
* * *
Ноч пад месяцам,
а не цьвіце палын
Сярод жоўтых дзён,
хларафільных гадзін.
Ды буяняць мятліца,
шалфей, малачай –
Маладыя гады
і лёгкасьць жыцьця.
Я бясьсільны, раўнівы.
І буду крычаць.
Я пад плотам стаю,
ўкаранелы ў адчай.
Бо за плотам пад сонцам
ізноў твой дзень нарадзін.
Ты палыньняй наўкола цьвіцеш.
Я – адцьвілы палын.
ПАЎНОЧНЫ ПЕЙЗАЖ
Сонца ледзь кругліцца.
Ідзем абы ісьці
па неспадзеўных выкрутах дзён
у няведамай напрамнасьці.
Табе не матуліцца,
мне – не татуліцца.
З двух бакоў для нас
той самы гарызонт відзён,
падпёрты каменя ілбом.
|